Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 69

К Акула

Зьнекуль шырака хлынула сьвежае паветра й зусiм прылягло й плоскiм зрабiлася, ледзь-ледзь не пагасла на маленькiм кнаце каганца млявае полымя. Пракоп левай рукой згроб назад спацелыя раськiданыя валосы, падняў вочы й спасьцярог у шырака рашчыненых дзьвярох тых двух, пра каторых цэлы час дрэннае згадваў. Спынiлася й моцна сьцiснула ручку жорнаў Пракопава рука. Ад нечаканасьцi такой непажаданай сустрэчы паленам зацьвярдзеў у роце язык.

Тыя доўга стаялi моўчкi. Нейкая нявыразная ўсьмешка блудзiла на Косьцiкавым твары.

- Iш ты яго, як расхадзiўся! - кiнуў Сабакевiч пераз плячо да Лявона.

Ззаду за камунiстамi спасьцярог Пракоп яснавалосую Янукову чупрыну. I згадаў, што добрыя людзi, чалавека пры працы сустрэўшы, "Божа памажы" казалi. Гэты-ж Ромкаў гаспадар кiнуў тыя iранiчныя словы зь яхiднай усьмешкай на вуснах. I ўсьмешачка тая, таму што ледзь заўважная, скрытая, больш колкай здавалася.

- Так, расхадзiўся! Мельнiцу сваю на ўсю йванаўскую разагнаў! - голасна падхапiў ззаду Шпунт.

- Здрасьця, таварыш Бахмач! - наўмысна голасна гукнуў Косьцiк. - Мелiш?

Пракоп падыйшоў да дзьвярэй i спынiўся пару крокаў ад парогу.

- Здароў Косьцiк, Лявон. Як маецеся?

- Чуеш? - сказаў Косьцiк Лявону, - пытаецца як маемся...

- Ага, хочыць знаць як маемся, - малпаваў Косьцiка Лявон.

- Сiчас я табе ня Косьцiк, а Канстанцiн Паўлавiч Бурак! Панiмаеш?! адказаў зь няпрыхаванай пагрозай у голасе Сабакевiч.

Пракоп зьбянтэжыўся. Нядобрае прадчуваў. Цi не наважылiся, паўзуны, зь яго пазьдзекавацца?

- Што вам трэба? - спытаў суха.

- Чуiш, таварыш Шпунт? Таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба, яхiдная ўхмылка скрывiла Косьцiкаў твар.

- Чую, таварыш упылнамочаны, - згадзiўся Лявон, - таварыш Бахмач хочыць ведаць што нам трэба. Iзьвесна...

Пракоп спасьцярог, што дзяцюкi былi добра выпiўшы. Можа якраз гарэлка штурханула iх на такую кусьлiвую гутарку. Прыказка-ж кажа: што ў цьвярозага на розуме, тое ў п'янага на языку. Гэтта-ж важнай была ня так тэма гутаркi, гэтак як адносiны гэтых двух паўзуноў да яго. Разглядалi Пракопа, як нейкую жывёлiну ў заапарку.

- Мелiш, спрашываю? - падняў Сабакевiч голас.

- Ну што-ж... сам вiдзiш, нi хаваюся...

- А хто табе разрашыў малоць? - дзёрзка спытаў Косьцiк.

- Як гэта? - зь няўцямнасьцю спытаў Пракоп. - Гэта яшчо каго пытацца трэба?

- Ну а чаму-ж не? Ну а каб прышоў, прымерна, мяне спрасiў. Язык табе адсох-бы, цi што?

У Косьцiкавых вачох успыхнулi злосныя аганькi, якраз наводля тых, што загарэлiся былi тады, як зьлез з кладнi ў ягоным гумне ды з нажом на Пракопа кiнуўся. Адылi была iстотная розьнiца. Тады Пракоп сустрэў валацугу як гнеўны гаспадар, цяпер-жа басяк быў носьбiтам "народнае ўлады". Цi то ад скразьняку, цi ад страху ўзялi Пракопа дрыжыкi. Голы да пояса, спацелы, мясцамi пакрыты аўсянай мукой, ён зьбянтэжыўся й глядзеў на слуп сонечнага сьвятла, што празь дзiрку ў сьцяне дыяганалей перасякаў нутро гумна.

- Гэта што, закон такi? - здабыўся на адвагу Пракоп.