Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 68

К Акула

- Засыпаюць казённае, ну а ты чакай. Алi што-ж маюць рабiць, людцы добрыя? - апавядаў Сявенька крыўдна-дрыжачым голасам. - От i чакаюць, на вазох сьпяць, каб наперад хто нi пiралез. Я табе, Пракопка, кажу, каб я з гэтага месца нi зышоў, такога яшчо ня вiдзiў. Жыда ўжо мусiць пагналi, а на яго месца нейкага савецкага басяка паставiлi, паруску гаворыць. Чорт яго басячыну бацьку знаiць адкуль ён. Гарэлкай залiўшыся, iдзець дык ад яго на сажнi тры як ад броварнай сьмярдзючай бочкi нясець. От ты да яго й падступiся. Гэта каб знаў, як каторыя другiя пранюхалi, дык самагонкi лiтроўку купiў i з сабой узяў-бы. Каторыя так робяць, дык iм першая рука. А рэшта - стаi ў непагадзi, зябнi да касьцей, галодна... што яму, басяку... Некаторыя, што гарэлкi нi прывязьлi, спрабавалi нейкага права даходзiць, ведаеш. Дык як ашчэрыўся, п'янюга! Я вам iцi вашу маць, кажа, кулакi, буржуi й падкулачнiкi, сiчас зламлю вашы буржуйскiя рогi! Вон атсюдава! Госпадзi мой, ня вiдзiць лепей такога! Бокам мне гэтыя мяхi зь зярном вылiзьлi, каб яму прагавiтае на гарэлку горла, нячысьцiку, залажыла. Думаю сабе: сядзеў-бы я лепi дома, круцiў-бы памалу жорны й окэй, здаравейшы быў-бы. Млiва мне гэта бокам вылiзiць. Жарцiкi, так празяб i прагаладаўся. Хоць ты сядзь ды плач, дажылiся, называецца... Сваё, казаў той, цяжкiм потам запрацаванае, спажыць ня маеш як. I даходзь ты дзе якога права...

У змрочнай варыўнi спацелы да паясьнiцы Пракоп, няспынна налягаючы на жорны, зноў i зноў сустракаў назойлiвы вобраз пакрыўджанага Сявенькi. У старога Амэрыканца сьлёзы на вочы пры апавяданьнi набеглi. Жах Пракопа браў. Гэтта да папярэдняй няшчымнiцы, што вечна ў хаце падчас польскае акупацыi панавала, далучылася зусiм нешта новае, чаго яшчэ зусiм дакладна вызначыць ня мог. Да ўлады дабралася свая, дый, згодна апошнiх вестак, савецкая басота. "I даходзь ты якога права... свайго, цяжкiм потам запрацаванага, спажыць няма як", - гучэлi пагрозьлiва Сявенькавы словы. Што гэта такое творыцца? Зьверху адны абяцанкi, рай, маўляў той Маршалкаў, на зямлi настане. Каб вам гэтыя абяцанкi бокам...

Пры жорнах днямi й тыднямi трэба будзе папацецьць. Нiкога не падпражэш. Дзецi вунь думалi, што лёганька гэта. Узяўся Янук. Якi-ж зь работнiк, адкуль у яго сiла тая. Ды яшчэ па Тапсiку прыйсьцi да раўнавагi ня можа. Круцiў, круцiў, задыхаўся, зьнямогся. Мiколава здароўе слабое. Яму хатняй гаспадаркi хапае. Дык вось напiрай сам. Калi-б на тым пастарунку за Паўлюковага басяка сярэдзiны нi адбiлi, што яму такiя жорны змагчы... круцiў-бы, пасьвiстываючы.

Гэтак заварожаны горкiмi думкамi пра мiзэрны быт, роўна трымаў Пракоп тэмпа. Жорнава камень гудзеў раўнамерна й грыз ня толькi падсушаны ў печы авёс, але й горкiмi прадчуваньнямi цёмнага й няведамага цёр, быццам тое зярно, макулiнкi нейкiх Пракопавых спадзяваньняў на лепшае.