Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 67

К Акула

- Гэта ты, сынок, мяне ўжо таварышам вялiчаiш, га? - спытаў дзед Косьцiка.

- Пiрад савецкай родзiнай i правiцiльствам ды камунiсьцiчаскай парцiяй усе мы таварышы, - адцяў Косьцiк i фанабэрыста пазiраў на дзеда й маўклiвага Антося.

- Нiколi i ў галаву мне нi прышло, хто мне таварышам будзiць, скрывiўся дзед.

Косьцiк быў апрануты ў даматканы сiвы паўсуконны пiнжак, зялёную вайсковую кашулю, сiнiя галiфэ порткi й скураныя вайсковыя боты. З-пад пiнжака выглядала кабура з пiсталетам. Лявон мусiць ня прыдбаў яшчэ нiчога з савецкай вопраткi, бо апрануў падношаныя цёмныя порткi, чаравiкi, а белая расшпiленая кашуля выглядала з-пад сьвяточнага пiнжака.

- Што добрага чуваць, таварышы? - прадаўжаў Косьцiк.

- Ды нiчога, - адказаў Якуб. - Ад вас во трэба пачуць што было-б. Вам-жа цяперака вiдней.

- Пачуiш, дзед, пачуiш так многа, што на вяку сваiм можа ня чуў. Дзяржыся толька, многа новага будзiць.

Задзiрлiвасьць, самалюбства й пагроза гучэлi ў Косьцiкавых словах. Гэтак мог гаварыць чалавек, што нарэшце на нейкую вяршыню ўсьпялiўся, гаспадаром-валадаром стаў. Антось i Лявон маўчалi. Незадаваленьне такой сустрэчай вiдаць было ў iхных позiрках.

- Ну нам некада, - буркнуў Косьцiк. - Другiм разам, пака...

- Куды-ж iх пагнала? - спытаў дзед.

- Чорт iх знаiць. Ужо, вiдаць, пацягнулi недзе, басякi...

17

На палiцы ў куце хлiпала млявае полымя каганца. Роўна й мерна гулi жорны. Потам залiвала Пракопавы вочы й спружынiлiся мускулы правай рукi. Левай даланёй Пракоп выцiраў пот i намагаўся трымаць тэмпа. Роўна цiснуў на ручку жорнаў. Гэтак найлягчэй. Адно запаволь напор i тады куды цяжэй надрабляць. Часам зьмяняў Пракоп руку, але левая хутка слабела. Менш да цяжкой працы прывучаная, дый бок пачынаў ныць у тым месцы, што некалi ад Адасевых рук на "панствовым пастарунку" пацярпела.

Ноздры спацеўшага носу ўцягвалi жыцьцядайны пах падпражанага меленага аўса, апэтытнае ўяўленьне ўжо лашчыла прынадную аўсянку, што заўтра жоўтай гушчай запрашальна на Пракопавым стале стане. Да таго дойдзе мо сьвежы журавiнны кiсель i вось забясьпечыцца цэлая посная пятнiца.

Левая рука брала за сявенькi цёплы яшчэ, падсушаны ў печы авёс i насыпала ў жорны. На сьцяне варыўнi матляўся аграмадны пачварны цень. Быццам гiгант, засланяў ён амаль усю сьцяну, што над катухам з бульбай, борзда сьпяшыў у кут, дзе пераломваўся i ўжо над кадушкай, што стаяла блiзу дзьвярэй i насычала паветра пахам сьвежа-квашанай капусты, цень зьнiкаў у цемры. Але вось ён зноў вынырнуў адтуль-пераломваўся ў куце й на часiну ўжо выразным гiгантам затрымлiваўся над катухом з бульбай, каб пачаць папярэднюю вандроўку.

Вялiчынёй як добраму кату пралезьцi, ваконца асьвятляла крыху варыўню адно ранiцай. Малым яго наўмысна зрабiлi. Было-б большае, пiльнуй тады зладзеяў. Лучыну ў варыўнi палiць небясьпечна. Глядзiш, пырсьне iскрой ўбок, займецца полымем павуцiна й шукай тады ратунку. А каганцова полымя. якое параўнаў-бы Пракоп да кацiнага вочка, зьядала апошнiя кроплi цэннае нафты. Пры такой думцы млосна рабiлася. Учора Мiкола калеў у Гацях тры гадзiны ў чарзе за нафтай i вярнуўся дахаты з пустой лiтроўкай. Поўбяды было-б, калi-б жорны не спатрэбiлiся. Выглядала, што ня толькi аўсянку, але й зярно на хлеб саматугам трэба малоць будзе. Учора Сявенька вярныўся з млыну ў Докшыцах i прывез надта няцiкавыя навiны. Сяляне чакалi ў чарзе па два-тры днi.