Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 129

К Акула

Даводзiлася Антосю й сумлявацца. Нiколi-ж у сваiм недаўгiм жыцьцi не спатыкаўся з падобнай праблемай. Хiтры як лiс, практычны жартаўнiк, што любiў пакпiць i навет пазьдзеквацца з чужой помпы, надзьмутасьцi цi звычайнай недарэчнасьцi, ён гэтта адчуваў сябе пад узьдзеяньнем нейкай ня зусiм зразумелай яму брытвы. Выглядала, што брытва цяпер адно зьверху забаўлялася-ёрзала, але вайстрыню яе ўжо добра на сваей скуры адчуваў. Вось яна, глядзi, рэзане ўглыб i тады крывавiць будзеш.

Пасьля прадзедаў, дзеда, бабкi, бацькi й маткi йшлi пытаньнi наконт iншых бакоў "сацыяльнага праiсхаждзенiя". Шмат распытвалiся аб тым, як сталася, што ён адзiн з усей грамады новабранцаў змог дамоў уцячы.

Антось хадзiў па маленькай каморцы, - крокаў зь пяць мо ўдаўжкi й тры ўшырыню, - ды тросься з холаду. У адурманенай бяссоньнiцай галаве хаосам блыталiся розныя думкi. Вось зноў выплыў наперад кручканосы гарбуз: "Я тебе покажу, такая твоя контра!" Здавалася, што недзе знутры крычэў адно сам голас, а пуцатая маска быццам i ня прысутнiчала пры тым.

Нехта накрамзолiў штосьцi на сьцяне. Антось прачытаў:

"Ешчэ Польска не згiнэла,

а вы, кацапы, пацалуйце мне..."

Цiкава, колькi ўжо праз гэту камору прайшло людзей? Цi сядзелi яны доўга, цi коратка? I чаму гэта бацька ня прыйшоў? Няўжо-ж ён нi стараўся? А мо нi пусьцiлi? За сьцяной чутна хадзiў вецер. Шорах ветру, здавалася, распазнаў-бы Антось - сябра лесу, поля й нiвы, хоць-бы яго пару мэтраў пад зямлю закапалi. Недзе нешта глуха стукала, мабыць аканiца аб сьцяну. Можа бура на дварэ? Цiкава, цi цяпер дзень цi ноч?

Антось стануў, прыхiлiўся да сьцяны, пачаў мяркаваць, калi забралi яго з дому, колькi часу мог быць пад замком. Пяць разоў вадзiлi на допыты. Час тады валачыўся балюча-марудна й паколькi ня бачыў гадзiньнiка, лёгка меру часу трацiлася. Дый што за розьнiца? Так цi гэтак,пакуль духi зь цябе ня выматаюць, мусiць, ня пусьцяць. А мо й зусiм дарогi дахаты ня бачыць яму? Можа на Сiбiр пашлюць?

Дзяцюк здрыгануўся. Тросься, мусiць, ад тэй iнеем пакрытай сьцяны, да якой прыхiлiўся. I здавалася яму, што калi ад холаду гэтта не апруцянее ды на волю выпусьцяць, дык можа здароўем падупасьцi. Не хаханькi-ж галоднаму ў такой халадэчы пасядзець. На дварэ, напэўна, скрыпуча-кусьлiвы мароз. Цяжкая, змучаная галава зноў на сон хiлiла. Але як гэта на халоднай цэментовай падлозе пасьпiш?

Заскрыгаў ключ у замку, скрыпнулi дзьверы й пачулася ўжо ведамае "сьледуй за мной". У пакоi допытаў нi душы жывой. Як i раней, утаропiўся Дзяркач у ледзянавокую маску на сьцяне. Чакаць давялося нядоўга. Кручканосы гарбуз увайшоў шпаркiм крокам, сеў за сталом.

- Табе хто пазволiў сесьцi? - гаркнуў на Дзеркача.