Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 127

К Акула

- Ну?

- Казала цацанька-Верачка, што калi-б так было, як Палякi кажуць, значыцца, што ўсе каталiкi ёсьцiка Палякi, дык трэба было-б тады ўсiх французаў, Гiшпанцаў, Iтальянцаў ды цiмала яшчо якiх Палякамi папiсаць. Дык цяперака сама вiдзiш, што Палякi наўмысна лухту паролi, народ наш ашуквалi. Дык Старажонкi нiякiя нi Палякi, от як.

- Цацанька-Верачка, мусiць праўду казала, - згадзiлася Дуня.

- А от папалiся й паедуць на Сiбiр тую. I за што?

У Януковым уяўленьнi зьявiлася малое, недарослае на свае гады дзяўчо. Анельскi тварык, вельмi разумныя й заўсёды вясёлыя вочкi. Цяпер-жа тая дзяўчына-цацанька (мянушка надзвычайна трапна характарызавала яе ўдома i ў школе) недзе, як у клетцы, зь дзеткамi калее. А мо каторага на руках трымае? А можа ўжо памерзьлi, цi з голаду душу Богу аддалi?

Думка скаланула Янука марозам жахлiвейшым, чымся той, што цiснуў на захад сонца. Юнакi йшлi моўчкi. Янук зiрнуў на плот. Адтуль з плякатаў пазiраў месяц Манькi Пiрапечкi й гэны назойлiвы напiс: "Галасуйце за выдатнейшых людзей, перадавых прадстаўнiкоў..."

- Тпррррруу! - пачулася гулкае на дарозе. Дзядзька Захарук спынiў каня. - Ну сядайце! Чаго глядзiцё, як бараны на новыя вароты.

Не марудзячы, Янук зручна кульнуў Дуню за шырокiя дзядзькавы плечы й прымасьцiўся сам.

- Алi-ж дзядзька маладзец! Каб табе Бог здароўя поўныя прыгоршчы! пахвалiла Захарука Дуня.

- Но-о-о-о-о! - пагнаў гнядога гаспадар. - ...йшоў, цюхцяй!

Дзядзька, скарэй лёганька пагладзiў, чым сьцебануў канёў зад i падатлiвы гняды, што ведаў кожны гаспадароў рух, трушком рушыў у дарогу. Ён бег так роўна й бязь нiякiх намаганьняў, што, здавалася, чалавек дзесьцi на мяккай раўнiне ў прасторы плыве.

- Захiнiцiся вы, жабоцькi, ато памерзьнiце, - загадаў вучням Захарук.

Пры хуткай язьдзе больш дацiнаў мароз.

- Надта-ж хлёсткага конiка, дзядзька, маеш, - пахвалiла Захаруковага гнядога Дуня.

- Ага, - буркнуў рыжавусы селянiн, - ён-жа нiчога-ткi...

- Што-ж чуваць, дзядзька Захарук?

- Эт, нiчога. Што ў вас?

- А дзядзiчка, а роднiнькi, каб ты вiдзiў, што мы сягоньнiка зь Януком вiдзiлi, - сказала прыцiшана-таямнiчым тонам, нахiлiўшыся да Захарукова вуха, Дуня.

Селянiн сьцямiў, што дзяўчына мае яму нешта важнае сказаць i таму пiльна прыслухоўваўся.

- Гэта-ж во тамака за станцыяй, з таго баку каля лесу два саставы вагонаў стаяць. Дык людзi тамака ў тых вагонах так стогнуць, так галосяць... Мы зь Януком са школы йшлi ды задумалi-ж гэта нацянькi праз поле дамоў... ажно тамака, чуем, выюць-галосяць, акасьцянелыя сiнiя рукi з вагонаў выцягваюцца... слабыя, хрыплыя галасы дзетак... такi крык i стогн, аж сэрца разрываiць, як блiзка падыйдзiш. Алi-ж хто падыйсьцi асьмелiцца... Янук i я аж аслупянелi, пачуўшы гэта, алi нас вартавыя з сабакамi даганялi, дык мы колька сiлаў мага, аж дух займала, давай наўцёкi...

- Гэта цi ня тыя будуць, каторых дзьве нядзелi назад пазабiралi, сказаў Захарук.