Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 130

К Акула

Антось устаў з лаўкi.

- Прозьвiшча! - пачалося ўсё з пачатку.

Антось ня меў магчымасьцi праведаць у раней дапытванных ды вымяркаваць чаму кажны раз пачыналася з таго самага, каб пасьля шматлiкiх "матаў" да галоўнага прыйсьцi.

- Я ўжо вам раней казаў, - буркнуў Антось.

- Скажы яшчэ раз!

- Ну дык нашто гэта? Я-ж ужо расказаў i аб дзядох, i бацькох, i сваё сацыяльнае праiсхаждзеньня. Вы-ж усё запiсалi, - з дакорам паясьнiў Антось.

- Ты это что, мне указывать будеш?, что делать? - раўнуў гарбуз. - Я спрашиваю, а ты отвечай! Понял, сукин сын?

- Понял, - буркнуў Дзяркач.

На працягу наступнай гадзiны, цi мо й даўжэй, паўтарылася ўчарашняе й пазаўчарашняе. Быццам першы раз, сьледчы паволi й дбайна запiсваў адказы, курыў i спакойна пераходзiў да наступных пытаньняў.

- Хто памог табе спэцкаць лёзунг на лiтоўскай школе перад зборамi?

Вось яно, галоўнае.

- Якi лёзунг? Хто яго пэцкаў? Ня ведаю аб чым гаворыце, - спакойна адказаў Антось.

- Ты гэта што, упарты балван? Пачакай, я многа часу маю. Нi прызнаешся дык здохнеш тут. А ну стань ля сьцяны, рукi ўверх. Скарэй ты, сукiн сын!

Антось падыйшоў да сьцяны, падняў уверх рукi.

- Блiжэй, выпрастайся, от так! - раўнуў сьледчы за вухам i так заехаў каленам ззаду ў сярэдзiну, што Дзеркачу дыханьне заняло. - Не варочай галавы, проста ў сьцяны глядзi!

Гэтак выпрастаны, прылёгшы да сьцяны, рукi выцягнутыя над галавою, Антось застыў у далейшым чаканьнi. Сьледчы хадзiў па пакоi, нарэшце сеў за стол. Маўчаў. Мiнула шмат часу.

- Паўтараю: хто памог табе спэцкаць лёзунг у школе?

Антось маўчаў. Млявасьць разьлiлася па канцавiнах i па ўсiм целе. Цяжкiмi намаганьнямi стараўся трымацца, каб ня ўпасьцi.

- Отвечай, вредитель ты, сукин сын, когда спрашиваю!

Голас цьвёрды й моцны, добра вытрыманы. Нiкчэмнiк, мусiць, зусiм не хваляваўся, моцна набiтую руку ў допытах меў. Абыякавасьць - вось усё, што адчуваў Антось. Але да рэзыгнацыi яшчэ не дайшоў. Навошта казаць хоць-бы якую макулiнку праўды, а яшчэ больш выдумляць? Скажы адно, дык цягаць будуць пакуль прызнаешся, што Крэмль узарваў, самога Сталiна павесiў. У галаве пачало шумець, слабелi каленi й пруцянелi рукi. Адчуваў, што доўга ня вытрымае.

Былi моманты, калi ў сярэдзiне змучанай галавы два чалавекi спрачалiся. Адзiн наважыў пайсьцi сьледчаму на руку й навыдумляць усялякай трасцы. Гэтта небясьпека падсьцерагала: калi бальшавiк спанатрыць, што ўсё выдумаў, дык можа яшчэ горш быць. Другi-ж Дзяркач проста навосьлеп супярэчыў таму першаму ўгоднiку. Надта-ж балюча рэзала бальшавiцкая брытва. Але чым глыбей яна старалася ўрэзацца ў Антосеву мякаць, тым больш хацелася аддаць назад удвая.

"Скула табе ў бок, жыдзiшча пракляты!" - катэгарычна адказаў першаму гэты другi, адважны й непакорны, да канца гатовы змагацца Антось. "Здыхлаты на цябе, нячысьцiк. Зьгiрдзiшся ты перш, чым табе што скажу!"

Пасьля такога канчатковага й наважнага адказу ажно лягчэла Антосю цялеснаму, каторы да сьцяны прылiп.

- Видно, голубчик, - сказаў кручканосы гарбуз, устаючы з-за стала, что баловаться хочешь. Погоди, сам попросиш. У нас время хватит.