Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 131

К Акула

З гэтымi словамi сьледчы пакiнуў пакой.

Адно зачынiлiся дзьверы, як Антось сеў на лаву. Дрыжэлi каленi, недзе зусiм да сьпiны прысох жывот i зусiм высах рот, быццам у яго хто жарствы насыпаў. З халоднага ў гарачае кiдала. Цi маглi быць якiя сумлевы, што калi-б дамоў неяк удалося вярнуцца дык прыдзецца ў пасьцелю залегчы.

Ня ўсьпеў Антось як сьлед на лаве расьсесьцiся, як шырака, з гукам адчынiлiся дзьверы й малады, прысядзiсты, шыракаплечы чалавек з каўказкiм тварам убег у пакой. Бачыў Антось яго раней. Сьледчы паклiкаў каўказца на помач, калi Антось адмаўляўся танцаваць пад бальшавiцкую дудку. Каўказец нiчога не гаварыў, адно сьлепа загады выконваў. Вiдаць, што ў сваiм рамясьле набiтую руку меў, бо без найменшага намаганьня так цябе схапiць за найбольш кволае месца мог, што дзясятаму закажаш. У рамясьле тым адчувалася нейкая грацыя й стрыманасьць. Давалася адно столькi фiзычнай сiлы, колькi якраз патрэбна было. I думаў ужо раней Антось, гэта тупалобага робата гледзячы, што бяда была-б тэй ахвяры, якой гэты каўказец усе свае катавальныя здольнасьцi пачаў-бы прысьвячаць.

Як дзярлiвы тыгра, тупалобы мiгам перад Антосем апынуўся. Быццам абцугамi, схапiў дзяцюка пальцамi за нос, паставiў на ногi. Не агледзеўся Дзяркач як хутка й якiм менавiта чынам тое сталася. Войстрай дзiдай кальнула яго нешта пад мышкай, у гарляку залажыла праход для паветра, балюча крутнулася правае плячо й поўным цяжарам звалiўся дзяцюк на падлогу. Калi-ж намагаўся злавiць у лёгкiя хоць крыху паветра, каўказцаў бот душыў тое месца, дзе ля жывата зьбягалiся Антосевы ногi. Нястрыманы боль агнявымi шпiлькамi расплываўся па целе, выцiснуў з вачэй сакавiтыя сьлёзы. "Задушыць, сукiн сын", - мiльганула ў Антосевай галаве. Пачаў крычэць, колькi моцы. Бот адпусьцiў на тым месцы, дзе сыходзiлiся ногi, клешчы злавiлi яго за вушы й мiгам дзяцюк ужо ля сьцяны стаяў. Магутная сiла крутнула рукi й не агледзеўся як прылiп да сьцяны якраз у такой самай пазыцыi як тады, калi сьледчы дзьвярмi скрыпнуў. Адылi цяпер зморанае цела балела ў многiх мясцах i пратэставала. Адчынiлiся ззаду дзьверы й каўказец зьнiк на калiдоры. Ужо па iншых кроках распазнаў Антось таго, што ў пакой вярнуўся.

- Следовательно, повторяю: кто тебе помогал испортить лозунг на литовской школе и с кем ты всё время в деревне делал антисоветскую пропаганду?

Дзiва. Лагодна-памяркоўна гучэў бас. Калi-б гэта дзесьцi ў сямейным коле яго пачуў, пабажыўся-б чалавек, што якраз такiм лагодна-ласкальным тонам бацькi да сваiх дзетак гавораць. А мо гэты агiдны кручканосы гарбуз i меў сям'ю й дзетак, якiх навет мог ласкаць i песьцiць? Што ён за чалавек?

Антось дрыжэў i маўчаў.

Шарганула за сталом крэсла, ацяжэлае, пузатае тулава выгадна распаўзлося, адчынiлiся таўстыя, круглыя вусны й адтуль прыляцеў да Антосевых, смылячых i чырвоных вушэй сяброўскi зварот: - Будьте любезны, садитесь, пожалуйста.

Круты паварот. Але Антось, змораны фiзычным перакананьнем каўказцавых рук, прытомнасьцi яшчэ ня страцiў. Не марудзячы, адыйшоў ад сьцяны й сеў пры стале насупраць сьледчага на самым краю крэсла. Ззаду адчынiлiся дзьверы й перад Антосем на стале касматая, чорнавалосая рука паставiла поўную шклянку чыстай, надта прынаднай, празрыстай вады. Не пасьпелi ззаду сьцiхнуць крокi, як Антосева рука ўжо на стале была.