Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 116

К Акула

"...велiкая октябрьская соцiалiстiческая революцiя положiла основанiя новой жiзнi, создала могушчественную страну рабочiх i крестьян i она сегодня под руководстваом самого умнейшего в мiре учiтеля i отца всех народов, товарiшча Iосiфа Вiссарiоновiча Сталiна iдет..."

Пры згадцы крамлёўскага валадара тыя, што стаялi на абвешанай чырвоным палатном трыбуне, быццам на каманду заплёскалi ў далонi. Iх падхапiлi блiжэйшыя ад трыбуны й плёсканьне завяла на плошчы.

"...i несёт освобожденiе всем трудяшчiмся мiра. Так как вы долгiе лета ожiдалi освобожденiя от белопольского панского iга, так точно ожiдают сейчас освобожденiя i порабошчённые всего мiра. Оно, это освобожденiе непременно прiдёт, iбо..."

- Алi-ж, братка, брэшыць ён як шарманка накручаная, - таўхануў Лявон пад бок Янука.

- Мусiць усiх iх добра на той самы лад накруцiлi, - адказаў Янук.

Пасьля палiтрука выступаў Маршалкаў i Саладуха. Рослы, дужы Саладуха адно разагнаўся басаватым гулкiм голасам, як нарэшце разгневалася неба. Нiзка паўзучыя хмары лiнулi густым сьцюдзёным дажджом. Як на каманду, людзi з рынку пачалi расплывацца на ўсе бакi. Некторы час басiў яшчэ, а неўзабаве змоўк i Саладухаў голас.

26

Каляднiца ўзялася за гаспадарку паволi. Руплiва пазьмятала лiсьце й iншы расьлiнны хлам ля платоў, хатаў i гумнаў, падчысьцiла лысыя гарбы на палёх i нiвах. Добра абнiзiўшы тэмпэратуру, трывалка зашклiла ўсе вадзяныя прасторы. Нясьмела пачаў забаўляцца сьнег.

На лiтоўскiм лузе, дзе малеча ўзялася ладзiць калаўрот на галалёдзiцы, сьнег сыпаў дробным, колкiм у твар макам, а вецер плёў зь яго крутыя гужы, каторымi сьцёбаў па сiне-празрыстым лёдзе. Халадзеча даймала праз даматканыя сьвiткi неданоскi, кажушкi, лезла празь дзiркi ў ботах, шчыпала-пякла ў твары. Халадзеча ня толькi ня спынiла, але навет не запаволiла дзiцячага мурашнiку ля калаўроту. Першы лёд - першая вялiкая радасьць. Гулкiм звонам лiлiся дзiцячыя галасы ля аглоблi калаўроту. Каторым ня было як за аглоблю ўзяцца, тыя за вопратку чапалiся. Хвост напружваўся, гнуўся, танцаваў, рваўся, канькамi лёд крэмзаў. Каторыя-ж ня мелi канькоў, тыя сунулiся падэшвамi ботаў-неданоскаў. Вэрхал над лугам стаяў несамавiты.

Мусiць не да спадобы гэткае вялiкае сваевольства дзяцей лiтоўскiх прыйшлося ветру ўсходняму. Злосна скалануў чубамi клёнаў, бярозаў i хвояў, шырэй адчынiў усходнiя дзьверы й замянiў колкую сьнежную манну на буйныя крупiны. Ужо зусiм на зьмярканьнi, разагнаўшы малечу па гасподах, вецер абамлеў ад нямогласьцi i ўлёгся ў Гаравацкай пушчы. I тады шырака адчынiлася неба. Сьнег падаў роўнымi, вялiкiмi матылямi, клаўся шчыльна, мяккай белай прастынёй засьцiлаў голыя прасторы. Хто ў тую ноч дзе на адлегласьць ад хаты свае адбiўся, доўга ў памяцi сваей нечага падобнага для параўнаньня мусiў шукаць. Мяккi, пушысты дыван завесiў шляхi, схаваў аб'екты арыентацыi. Вiдаць было на адлегласьць не далей, як добрай пугай махнуць.