Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 115

К Акула

- Вось i дурань ты. Пiралiў у плоскую, каб у кiшэнь было выгадней улажыць. Цягнi, нi марудзь!

- Чорт яе знаiць, я гарэлкi нiколi ня пiў, - марудзiў Янук.

- Ну дык пара цяпер пачынаць.

Янук нагнуў пляшку й вельмi нясьмела пацягнуў. Забрала дыханьне. Закашляўся, аж сьлёзы паказалiся.

- Каб... ач-хi! Каб цябе халерачкi!

Лявон голасна зарагатаў.

- Цягнi яшчо. Сьмялей, ня бойся!

Пры гэтых словах Загорны нагнуў малую пляшку Януку ў рот. Бахмач намагаўся спажыць яшчэ глыткi са два, але моц гарэлкi забiрала дыханьне й нейкае, раней нязьведанае цяпло разьлiлося шырака па жываце, замуцiла ў галаве.

- Ну нi магу, нi пхай! - аддаў Янук Лявону пляшку.

- Добра трошкi пагрэцца, дзiвак ты. Сьцюжа во.

Загорны пацягнуў з пляшкi, заторкнуў яе, улажыў у кiшэню суконнай сьвiткi й шлёпнуў Янука моцна па плячы.

- Нi бядуй, кажу. Цяплей во на такiм надвор'i стаяць будзiць. Выгналi-ж во, шэльмы. Завуч i пiянерважаты ўжо вушы абляпалi ўсiм, што абавязкова зьявiцца маюць, толька пажар, патоп цi сьмерць могуць быць апраўданьнем, калi хто ня прыдзiць, - усьмiхнуўся Загорны. - Дык вiдзiш як ёсьць, а гэтта яшчэ пакрапiць можыць, дык i будзiць тады табе акцябарская на ўсе застаўкi.

Янук ужо добра адчуў мутны прылiў у галаве й цяпло па цэлым целе. Вельмi дадатна ўплывала на яго й пагодлiвая Лявонава натура. Гэты нiколi носа ня вешаў. Янук ведаў, што хлапец жыў у дабрабыце, асаднiкавых кароў ня пасьвiў. Параўнаньня зь Януковым жыцьцём быць не магло.

Далучылiся да грамады. Ля брамы гулкi сiпаты голас кiдаў вучням нейкiя загады. На перадзе калёны вецер гуляў з чырвоныымi сьцягамi, ззаду йшлi розныя транспарэнты й Сталiнавы партрэты.

- Кажу, наплюй на ўсё й прыхадзi ў школу, - бубнеў побач Лявонаў голас. - Мусiць ужо скора пойдзiм.

- Добра табе казаць, наплюй на ўсё. Нi так яно проста, - жалiўсё Янук.

- Ну а што? Ня пойдзiш цяперака, дык цэлы год прападзець. А дома неяк i бiзь цябе збойдуцца. Кажу, прыходзь!

- Добра, падумаю, - сказаў Янук нянадта пераконлiвым голасам.

Школьная калёна тройкамi паволi рушыла на дарогу. Ля чыгункi зачынiлiся вароты й чакалi пакуль перапаўзе даўгi вайсковы цягнiк. Цэлы марш да рынку трываў з паўгадзiны. Янук iшоў побач Лявона i ўжо адчуваў як суцэльна ўлiўся ў вучнёўскую грамаду. Лявон меў слушнасьць, шкада трацiць цэлы год навукi.

Гацкiя жыхары павыходзiлi на вулiцы, пазiралi на вучняў. Ад рынку даляталi гукi духавой аркестры. Гэта гралi мясцовыя пажарнiкi. Янук прыгадваў тых польскiх пажарнiкаў, што калiсь у залатых, зьзяючых на сонцы шлёмах гралi на "дзень канстытуцыi" - трэцяга мая, або ў хмарны дзень "непадлегласьцi" - адзiнаццатага лiстапада. Цяпер-жа людзi, што дзьмухалi ў трубкi блiзу трыбуны, ля якой стоўкся лес сьцягоў, транспарэнтаў i Сталiнавых партрэтаў, апранулiся ў чорнае й ня мелi зьзяючых шлёмаў.

Палова рынку запоўнiлася людзьмi. Мiж выбранага тузiна на трыбуне, вайсковых i цывiльных, Янук спасьцярог Маршалкава, Сабакевiча й Саладуху.

Аркестра прыцiхла й да мiкрафону падыйшоў чарнявы вайсковы палiтрук. Гэтага Янук знаў даўно, сустракаў на перадвыбарных зборках. Палiтрук пачаў гаварыць паволi й мерна. Тэма, якую давялося чуць ранней, гэтым разам асаблiва нацiскала на "вялiкi акцябар". Людзi прамову слухалi спакойна, аглядалiся на пагражаючыя хмары.