Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 114

К Акула

- Дык што-ж ты, гэта нi гатовы яшчо? - навалiлася Дуня на Янука са скрыпам дзьвярэй.

- Дык як-жа iсьцi, калi, мусiць, дождж будзiць? - апраўдваўся хлапец.

- Якi табе дождж! Усе вуньдзiка йдуць. Хадзi, бо спозьнiмся. Нам-жа ў школу на час зьявiцца сказалi. Скарэй! - цягнула Макатунiшка.

- Табе то так... ты вучанiца. А мне тамака з боку-прыпёку, - ня ўступаў Бахмач.

- Ну от што пачаў! Ты-ж у нас свой мiж сваiх. З радасьцю прымем, ня толька што. Скарэй!

- А ты, Мiкола, куды? - спытаў Янук брата.

- Пайду i я, - адказаў брат.

- I ня лень табе?

- Ну а чаго? Часу-ж ёсьць, нi сiнакос-жа гэта.

- Ты з намi? - спытаў Янук.

- Ды дзе там маiм нагам з вамi справiцца. Бяжыце ўжо, а я неяк памалу павалакуся.

Янук з Дуняй адразу ўзялi борзды крок i выперадзiлi шмат каго па дарозе. Яшчэ здалёку спасьцераглi сабраную перад школай вучнёўскую моладзь. У групах i паасобна над галовамi тарчэлi ўсе аднаго памеру, недзе аднэй рукой змайстраваныя ледзянавокiя дыктатары. Мясцамi вецер тузаў разгорнутыя палотны, што крычэлi:

ДА ЗДРАВСТВУЕТ ПОБЕДОНОСНАЯ ОКТЯБРЬСКАЯ СОЦИАЛИСТИЧЕСКАЯ РЕВОЛЮЦИЯ!

ДА ЗДРАВСТВУЕТ ТОВАРИЩ СТАЛИН ОТЕЦ И УЧИТЕЛЬ НАРОДОВ ВСЕГО МИРА!

ДА ЗДРАВСТВУЕТ...

Янук ужо спраўляўся з чытаньнем, хоць i ў расейскую школу яшчэ не хадзiў. I прыгадалася яму, што ўжо недзе раней падобнае бачыў: i транспарэнты, i лёзунгi, i вялiкую грамаду людзей. Дзе гэта было? Мусiць у тых фiльмах, што бальшавiкi вечарам у Лiпавiчах паказвалi. Адно там людзi iншыя былi: яны ў баях змагалiся, iх падганяў той самы лысун, каторы на грошах намалеваны. Так яно й было.

...ТОРЖЕСТВЕННОЕ ШЕСТВИЕ...

чытаў далей Янук.

- Чаго разявiўся? - таўханула пад бок Дуня.

- Ды вунь панапiсвалi. Ты вiдзiла такое?

- Вiдзiла. Хадзi, я табе вучыцялёў пакажу.

Макатунiшка ўчапiлася й цягнула Янука за руку.

- Вунь там на ганку стаяць, - паказвала.

Янук яшчэ ня ўсьпеў разгледзець тых на ганку, як зачапiўся за нейкую нагу. Ён ледзь ня ўпаў i зараз пачуў знаёмы гулкi рогат. Адвярнуўся.

- Здароў, Янук! - прамянiўся й дыхаў амаль у вочы твар Загорнага Лявон, таго самага, з каторым гады два ў гацкай школе на аднэй лаўцы сядзеў.

- Здароў, здароў, Лявон! - зь вялiкай радасьцю ўсклiкнуў Бахмач. - Як маешся?

- Добра, браток. Толька от пра цябе часта думаў. Чаму гэта ў школу ня ходзiш?

- Ды знаiш... - зацяўся Янук. - Усякае лiха. Трэба было-б.

- Праўду кажаш. Нi глядзi на лiха. Навука навукай...

I тады Лявон зусiм да Януковага вуха прылiп.

- Хадзi, пацягнем, - шапнуў.

Пакуль Янук скумекаў што й да чаго, той ужо за руку яго цягнуў. Забеглi за вугал школы, на той бок дзе нiкога ня было.

- На во, пацягнi.

- А што гэта?

Загорны трымаў у руцэ паўлiтровую плоскую пляшку, амаль больш паловы напоўненай празрыстай вадакасьцю.

- Во пацягнi дык будзiш ведаць. Нi марудзь-жа. Я захiну, на ўсякi выпадак, каб нiхто ня вiдзiў.

Янук выцягнуў корак i ўважна яго абнюхаў.

- Дык гэта-ж цi нi маскоўская чыстая? Алi чаму бутылка такая? Яны-ж у круглых прадаюць. А налепка дзе?