Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 113

К Акула

Людзi мясцовыя, да ўнармаванага жыцьця прызвычаеныя, гэтта падумалi, што новыя парадак можа быць моцны й трывалы, не раўнуючы як тыя пачварныя пудзiлы, што ў дзень вялiкага "вызваленьня" так шмат рудога пылу на гацкiм гасьцiнцы ўскаламуцiлi. Значыцца, што моцнае, тое пэўне-ж i багатае дый трывалае. Народ наш, - самi, пэўне-ж, ня ўчора спавiваныя, дык мяркуйце, да ладу й працы прызвычаены, парадак, навет абрыдлым чужнiком астаноўлены, шанаваць прыспасобiўся. Вось чаму й пасьля гэтае перамены народ адразу за гаспадарку ўзяўся. Як нiколi раней, ажыў гаманой гацкi рынак. Прыемна шалясьцелi ў спрацаваных сялянскiх руках новыя й прыгожаыя "лысыя", а ў вачох аганькi спадзяваньня тлелi. Чаго й трэба, дабрадзею мой, збыт ня сялянскiя тавары быў першаклясны. Як падурэўшы, дальбог, "саветы" падчышчалi каляскi аж да голых драбiнаў, як-бы ад вякоў рознае емiны ня бачылi.

Няўцямнасьць зьмянiла спадзяваньнi ў сялянскiх вачох, калi за тыя "лысыя", колькi нi тарчы ў чарзе ля таго сельпо цi гарпо, навет фiгi макавай табе ня купiць. Як што прывязуць, дык няйнакш напаказ.

- Дык напляваць на гэту брыду лысую! - сказаў народ, маючы на думцы бальшавiцкiя грошы, што так прынадна шалясьцелi. - Сваё, значыцца, аддай, а купiш за iх фiгу.

Вось з такой, дабрадзею мой, прычыны надта-ж скора апусьцеў гацкi рынак. Невялiкi сякi-такi гандаль, - з кошыка й з-пад палы, - перанёсься ў тыя вiлы да Габiшынай крамы. Вядома-ж, i бяз брыды лысай зусiм не пражывеш, асаблiва калi яна вунь па цэлай зямлi таўчэцца, людцам добрым цярпеньня й бедаў спорыць. А ў ваўторак, у самы белы божы дзень, выходзiлi й вылазiлi на гацкi рынак суседнiя куры й пеўнi, дый тыя разглядалiся ўважна навокал, каб якiя саветы за хвост не ўчапiлiся.

Самiм давялося пра кастрычнiцкую цi акцябрскую чуць? Гэта-ж кажуць, што сёмага лiстапада сьвяткаваць яе тут будуць. Мусiць таму з дошак тыя вунь чатыры з малаткамi й пiламiнейкую трыбуну цi што будуюць. Але-ж. Калi самiм ня собiла нiколi нiякай кастрычнiцкай сьвяткаваць, дык заглянiце. Кумпанii, кажуць, усялякае будзе. Насамперш, кажуць, зьявiцца вялiкае бальшавiцкае начальства, дый сваiх разявякаў, пэўне-ж, падганяць ня будзе патрэбы. Як на яе нi глядзi, гэта самая кастрычнiцкая то, мусiць, нейкi новы цымус, ад каторага, як камiсары заўсёды i ўсюды аж да няпрытомнасьцi вярзяць, зусiм новы й найбольш шчасьлiвы бальшавiцкi сьвет пачаўся.

Нядоўга давялося Дунi Янука намаўляць.

- Пойдзем, Янучок, - пачала лагодна дзяўчына. - Ты-ж ведаеш, усiм наказваюць, каб iшлi. Гэта-ж вялiкае сьвята iхнае, дый наша. А разам з тым i нашу школу цяперака паглядзiш. Яна-ж каб ты вiдзiў як зьмянiлася...

- Эт, чаго мне тамака, - пачаў адмаўляцца хлапец.

- Дый увiдзiш хлопцаў сваiх... усе твае дружбанты ў школу ходзяць.

Гэтта Макатунiшка на чульлiвую струну наступiла. Карцiла Януку даўно ў школу зазiрнуць, прайсьцiся дарагiмi для памяцi клясамi й калiдорамi, паглядзець хто зь ягоных аднакласьнiкаў на школьную лаўку вярнуўся.

- Ну добра, - згадзiўся Янук.

Ранiца таго кастрычнiцкага сьвята бальшавiцкага, што на сёмага лiстапада выпала, нiчога пацешнага не варажыла. Вецер гнаў хуткiя золкiя хмары й адно каля дзясятай крыху пасьвятлела.