Читать «Закрываўленае сонца (Гараватка - 2) (на белорусском языке)» онлайн - страница 103

К Акула

Пракоп уважна зiрнуў на швагру. Гаварыў той самы чалавек, каторы нядаўна яшчэ так камплетна й згодна патакiваў яму, што басякi свае й чужыя да ўлады дабралiся. Неадступна назаляў вочы пабiты напокуцi абраз Прадславы й аж цяпер трасло жыватом пры згадцы сьмярдзючай самагонкi, каторую сiлай лiлi.

"Калi даюць, дык бяры, а як б'юць, уцякай". Разумная, цi нi адвечная, ад калыскi прыжытая праўда. Адно-ж - процiлежнасьцi.

Уверх дном нейкую вялiкую жыцьцёвую пасудзiну перакулiлi. Вазьмi хаця млын той. Жорны бакамi вылазяць. Гэтта ў памяцi шматразовыя вандраваньнi на млын у Гацi i ў Докшыцы, гэтта й сьлязьлiвы, змораны Сявенька, гэтта й шчодрыя дакоры й балючыя пытаньнi. А прыгадай бясконцыя чэргi за нафтай, хлебам, сольлю, цукрам, не гаворачы ўжо пра якi трант, каб цела прыкрыць. Што гэта? Парадак цi арганiзаваны хаос? I як знайсьцi цэлы корань ладу нейкага, калi з аднаго боку няспынны паток абяцаньняў бурлiць, а з другога галеча й безгаспадарлiвасьць.

Лягчэй было-б Алесю ў новыя парадкi цi беспарадкi ўжыцца. Нiдзе далёка ад вёскi нагой ня ступаў, а хоць i кемлiвы быў мужчына, вока ягонае так далёка як Пракопава, не сягала. Ня быў Алесь на працы ў Петраградзе, ня зьведаў нiякага далёкага сьвету й не пацярпеў ад мясцовых двух злыдняў. Пракопу-ж абрыдзеў i вялiкi, чужы горад i куды больш дапяклi, чаго ў магiлу не загналi басякi гэтыя.

Пакiдаючы збоку пытаньне пра сваю й Алесяву жыцьцёвую дасьветчанасьць, адзiн факт, можа асноўны ключ, усiх ягоных турботаў, трымаў у галаве Бахмач. А факт гэты, як сьвет абжыты i ўсiм вядомы, сьветчыў, што не магла iснаваць нiякая, ня толькi вялiкая й магутная дзяржава, калi ня было ў ёй парадку, устаноўленай заканамернасьцi. Як нi ганьбавалi ўжо цара калiшняга, ды ўсё-ж пад панаваньнем ягоным кажны бачыў нейкую заканамернасьць, дысцыплiну й парадак. Гэтта-ж гавораць i абяцаюць адно, а робяць iншае. Трацiўся давер i да гэных, што наверсе, не гаворачы ўжо пра злыдняў, што на сваiм сялянскiм хлебе вырасьлi. А мо ўвесь гэты беспарадак i быў новым парадкам?

Пракоп жахнуўся пры такой новай думцы. Калi-б так было, дык навошта й каму гэта патрэбна? Дзяржава-ж мусiць жыць, усе часьцi ейнага арганiзму мусяць пасьлядоўна сваё рабiць. Глядзi во што будзе навет у тваей собскай гаспадарцы калi, скажам, ладу ў сям'i няма...

- Нешта-ж ты надта надуўся, - пачуўся голас збоку.

- Га?

- Кажу, што з табой? - спытаў Пракопа Алесь. - Цi табе яшчо нiздаровiцца?

- Ды нiчога, так сказаць... от думкi...

I яны йшлi далей.

- Казаў табе раней, - прадаўжаў Алесь, - што нiма чаго надта думаць. Даюць дык бяры.

Трымаў прымаразак i скрыпеў пад нагамi тонкi сьнег. Пракоп не азiраўся па бакох, не заглядаў у вочы Алесю адно праз кут вока маячыў шваграў сiлуэт. Разьвярэджаныя думкi выклiкалi больш пытаньняў чымся даходзiла адказаў. Дзесьцi ў глыбi сьведамасьцi загнязьдзiўся закаранелы, небясьпечны страх. Дакараў сябе Бахмач за тое, што цi нi шукае дзiркi ў цэлым, намагаецца лiшняе выдумляць. А мо ранейшы перапалох яшчэ трымае? Гэта-ж нi жарцiкi, так бакi набiлi, гэтак пазьдзеквалiся, што цяпер i бацьку роднаму цяжка паверыць было-б.