Читать «З табой» онлайн - страница 3

Поль Элюар

Лепшыя вершы Элюара 1942—1945 гадоў, аб'яднаныя ў шэраг цыклаў («Паэзія і праўда 42 года», «Сем паэм аб любові на вайне» і інш.), склалі пасля вызвалення Францыі зборнік «Твар у твар з немцамі». Паэзія Элюара ва ўмовах Супраціўлення набывае сацыяльна-гістарычную канкрэтную мэту. Выразна гучыць тэма сучаснасці. На змену ахопленаму разгубленасцю «Я» прыходзіць гордае «Мы». Пашыраецца дыяпазон пачуццяў лірычнага героя — чалавека дзеяння, мацнее адчуванне калектыву, пачуццё адказнасці за лёс людзей, вера ў іх сілу і будучыню. Менавіта цяпер Элюар, па словах Арагона, вырастае ў паэта, «у вуснах якога песня рабілася паветрам Францыі».

Лірыка Элюара ваенных гадоў надзвычай разнастайная. Яна ўвабрала ў сябе роздум паэта пра свой лёс і лёс радзімы, адлюстравала трагічную паўсядзённасць акупіраванай Францыі, уславіла герояў Супраціўлення. Верш Элюара «Апавяшчэнне» быў напісаны для падпольнага друку, але ён расклейваўся на сценах дамоў Парыжа побач са спісамі байцоў Супраціўлення, якія былі прыгавораны нацыстамі да расстрэлу.

«Нянавісць наша — у імя любові!» — сцвярджаў Элюар у глыбока чалавечным выкрывальным вершы «Зброя гора». Як натхнёны гімн змагарам Супраціўлення гучаў верш «Мужнасць». Рысы новага чалавека з яго ўлюбёнасцю ў жыццё, з яго прынцыповасцю і гераічнай самаадданасцю, з гатоўнасцю ахвяраваць сабой дзеля вызвалення народа, уласцівыя вершу «Габрыель Перы» — аднаму з шэдэўраў лірычнай паэзіі XX стагоддзя.

У Элюара ёсць і ўласна сатырычныя, выкрывальныя вершы аб ворагах-фашыстах, здрадніках і іх хаўрусніках — «Гімн нацыстаў», «Тупыя і злосныя», «Прадаўцы індульгенцый». У цяжкі, змрочны час акупацыі паэт гаворыць аб слабасці катаў («Апошняя ноч»). Сіла заўсёды на баку жыцця, а не смерці.

Хрэстаматыйным стаў славуты праграмны верш

Элюара «Свабода». На першы погляд ён уяўляе сабой пералік самых звычайных вобразаў, паняццяў і прадметаў, якія думка аўтара асацыіруе са святым імем «свабода». Аднак усё тут больш складана. У вершы выразна гучыць думка аб тым, што чалавек народжаны, каб пазнаць свабоду. У злавесных умовах фашысцкай акупацыі, турмаў і канцлагераў верш «Свабода» гучаў як гімн, як заклік да барацьбы за вызваленне Францыі. Ён быў на вуснах мільёнаў суайчыннікаў паэта — ад школьнікаў да партызан макі.

Канкрэтнаму і суроваму зместу патрыятычнай лірыкі Элюара поўнасцю адпавядала простая, даходлівая структура верша, строгі рытмічны лад.

Патрыятычныя баявыя вершы Элюара былі грознай зброяй у руках партызан і байцоў Супраціўлення. Гітлераўцы ўбачылі ў цыкле «Паэзія і праўда 42 года» «небяспечную лістоўку» — вершы Элюара выклікалі ў захопнікаў нянавісць і страх.

У пасляваенныя гады Элюар стаў трыбунам народных мас, адным з вестуноў барацьбы за мір і дружбу паміж народамі. Яго важнейшыя паэтычныя кнігі апошняга дзесяцігоддзя жыцця — «Белакрылыя швачкі» (1945), «Безупынная паэзія» (1946), «Гарачая прага жыць» (1946), «Лішні час» (1947), «Палітычныя вершы» (1948), «Урок маралі» (1949), «Прысвячэнні» (1950), зборнік выбранага «Вершы для ўсіх» (1952) — садзейнічалі згуртаванню людзей добрай волі, разрадцы міжнароднай напружанасці, стварэнню мірнага клімату ва ўсіх кутках нашай планеты.