Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 90

Сяргей Жадан

Шкада, немагчыма заснуць, я, напрыклад, не магу доўга спаць у вертыкальным стане, мяне гэта неяк прыніжае ці што, жахліва – сядзіш і сьпіш, ці стаіш і сьпіш, ну, вы разумееце пра што я, а тут яшчэ і надвор’е пачынае псавацца, адусюль налязаюць хмары, усё нібыта так добра, здавалася б – туман, рэйкі, цыстэрны, а тут такая лажа, зноў будзе дождж, зноў уся гэтая нябесная цягамоціна на нашыя галовы, я нэрвова выглядаю ў акно, але і так усё ясна – зараз пачнецца, зараз-зараз, проста брыдка на ўсё гэта глядзець, ня ведаю, як бы гэта растлумачыць – я асабіста зьмену надвор’я заўжды ўспрымаю на ўласны рахунак, як непавагу асабіста да мяне, хоць зь яго боку, падазраю, акурат нічога асабістага і няма, ну, але ў мяне на гэты конт уласная думка. Застаецца хіба што чытаць. Вася дастае з кішэняў дзьве брашуры, ён, выяўляецца, увесь гэты час цягае за сабой дзьве брашуры, цяпер вось разглядае, што там напісана, перадае мне, потым Сабаку, але ў яго нічога добрага не выходзіць, таму што нас усё-ткі трое, а кніг – толькі дзьве. Адну я нават пасьпяваю прачытаць.

Кніга № 1

Грымучы вазэлін.

(Бібліятэка рабочага)

АНАТАЦЫЯ

Дарагі дружа!

Ты трымаеш у руках надзвычай цікавую і пазнавальную кнігу, якая, пры ўмове правільнага засваеньня выкладзенага ў ёй матэрыялу, дапаможа табе, ня толькі ў тэорыі, але і на практыцы, лепш зразумець прынцыпы і тэндэнцыі разьвіцьця сацыяльна-вытворчых адносін у сучасным грамадстве. Распрацаваная і напісаная гуманітарна-тэхнічным аддзелам Данецкага абкаму партыі, кніга гэтая стане лепшым сябрам і дарадцай табе на першых этапах твайго далучэньня да непераадольных працэсаў дыялектыкі і перманентнага распаду капіталу, празорліва прадбачанага таварышам Троцкім Л.Д.

Рэкамэндаваная для дамашняга чытаньня, а таксама калетыўнага вывучэньня ў прафэсыйна-тэхнічных гуртках, працоўных калектывах, месцах пазбаўленьня волі, лягерах працы й адпачынку.

Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.

З павагай – Партыя Ўкраінскіх Камуністаў.

УСТУП.

Замест уступу.

Разьдзел 1.

ВЫБУХОВЫЯ РЭЧЫВЫ,

НЕАБХОДНЫЯ РАБОЧАМУ НАСАМПЕРШ.

1.1

Таварыш!

Зрабі напалм!

Напалм – гэта запальвальная сумесь. Складаецца напалм з бэнзыну, машыннага масла і алюмініевага парашку. Інгрыдыэнты, неабходныя для вырабу напалму, можна і неабходна дастаць на вытворчасьці, у хатняй гаспадарцы ці скрасьці.

Парады па прыгатаваньні:

Таварыш! Запальвальная сумесь выкарыстоўваеца для зьнішчэньня жывой сілы і тэхнічных сродкаў супраціўніка. Лепш – жывой сілы. Разам з тым, напалм лёгка прапальвае нават браню танка, калі ён у супраціўніка ёсьць. Пры гэтым, зрабіць напалм можа КОЖНЫ шкаляр – таму што напалм, як ты ўжо даведаўся, гэта ўсяго толькі сумесь бэнзыну (2/3), лаку ці машыннага масла (1/3) і алюмініевага парашку (чым больш алюмініевага парашку, тым большая прапальваючая магутнасьць, памятай пра гэта!) Найчасьцей выкарыстоўваецца ў якасьці паліва для баявых агнямётаў ці ў запальвальных бомбах.

Заўвага: Калі ў цябе ёсьць баявы агнямёт, рэкамэндуем выкарыстоўваць менавіта гэтую сумесь. Баявы агнямёт можна і неабходна дастаць у вайсковых частках, хатняй гаспадарцы ці адбіць у вартавых.