Читать «Дэпэш Мод» онлайн - страница 89
Сяргей Жадан
Мне сьніцца мой анёл, ужо мёртвы, яго перавозяць кудысьці, каб спаліць яго мёртвае пераможанае цела, яго цягнуць па чорнай падлозе моргу, нібы мёртвую курыцу, кроў з малаком перамяшаліся ў ягоным пер’і і цягнуцца за ім крывавым сьледам, яго зацягваюць у нейкі вялікі пакой, кладуць на мэталічны стол і здымаюць зь яго рэшткі адзеньня – здымаюць чорныя бухгалтарскія нарукаўнікі, здымаюць шэры дзелавы касьцюм, здымаюць жоўтыя італьянскія чаравікі, здымаюць чорныя шкарпэткі, сінія трусы, белую майку, нехта дастае нарэшце скальпель і ўскрывае майго анёла, разразае яго ад горла да жывата і разглядвае яго скалечаныя і вымучаныя вантробы, выжраныя зь сярэдзіны мурашамі, пчоламі і павукамі і запоўненыя тлустым пастэрызаваным малаком. Разрэз расьцінае малюнак на яго скуры, на малюнку – старое, ужо бляклае расьпяцьце – жоўты Ісус на пафарбаваным зялёнкай крыжы. Ісуса скальпель амаль не закрануў – а вось расьпяцьце раскалолася напалам, так што цяпер трэба хіба што сшыць гэтую мёртвую грудную клетку, каб мець уяўленьне, як яно там усё выглядала – на самай справе.
3.40
У Чугуеве мы не выходзім. Недзе ў горадзе ў гэты час, я сабе так думаю, тоўстае і потнае цела Какавы перавярнулася. Калі б ён гэта бачыў, ён бы нас пракляў. Але ў Чугуеве электрычка спыняеца на паўтары хвіліны, вакзал у Чугуеве ў гэтую трывожную ноч мокры і непрыветны, і я бы ня выйшаў са свайго вагону нават калі б мне давялося стаяць тут і двое сутак, хоць гэта ніякім чынам не апраўдвае мяне ў вачах данбаскай інтэлігенцыі. Як бы там ні было – мы не выходзім. І ніхто не выходзіць.
5.30
На Канцавой мы хочам знайсьці хоць бы якую лаўку, дзе можна было б перачакаць пару гадзін, да наступнай электрычкі, але тут ужо на самой справе зьяўляюцца дзембелі з грыбнікамі, усе лаўкі ў зале чаканьня занятыя нейкімі падазронымі суб’ектамі, таму мы выходзім на адзіную плятформу, па радыё яе чамусьці патасна называюць першай, так, нібы тут недзе ёсьць другая, мэтраў за сто ад вакзалу бачны высокі пешаходны мост, вісіць над усёй гэтай панарамай, прыкольна, кажу я, пайшлі на мост, усё адно спаць няма дзе, мы ўздымаеся па мэталічнай лесьвіцы і разглядаем тэрыторыю, бясконцыя разгалінаваньні рэек, зьбітыя ў кучу таварнякі, цыстэрны, шчабёнка, сэмафоры, дрэвы, туман, вакзальныя будыніны, столькі ўсяго, а няма пра што пагаварыць, таму мы моўчкі сядзім тут, сярод туману і хмараў, і разглядаем усю гэтую пакалечаную чыгункавую інфраструктуру, павольна п’ючы халодную мінэральную ваду.
7.25
Нарэшце наша электрычка, мы праціскаемся скрозь сонны дзембельскі натоўп і рушым у бок Вузлавой. Жыцьцё працягваецца яшчэ на дзьве гадзіны. Дзьве нармальныя ранішнія гадзіны, чаму б і не.