Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 10
Віктар Карамазаў
Смешна было глядзець як маці бярэ з агульнай кучы кавалак, варочае яго з боку на бок, перакладае з рукі ў руку, гадаючы, каму пакласці, а сёстры і Коля ўважліва сочаць за матчынымі рукамі, маўчаць, ані слова — не да размоў. Вось яна ўзяла ў дзве рукі любовы кавалак, доўгі і вузкі, паляндвіцу, патрымала, паклала ля каленяў, шырокім кухонным нажом пачала дзяліць на часткі. Пазначыла рыскамі, потым змясціла рыскі ўправа, потым — улева, парэзала нарэшце, але ўсё роўна не так, як хацела. Сядзела і гадала, што рабіць.
— Большы хай будзе табе, Коля, у цябе сям’я большая. А гэты, меншы, Веры. Ты, Вера, адна. А гэты Ніне. Два раты, трэцяга яшчэ няма, як у Колі.
Самае каштоўнае, што ёсць у кабана, але і самае цяжкое для дзяльбы — гэта кумпякі. Два кумпякі, а кучак — чатыры. Пасячэш — папсуеш. Маці ўзяла ў рукі адзін, паважыла і, не ўтрымаўшы, апусціла сабе на калені.
— Во... падняць не магу.— А думала, вядома, не пра рукі, не пра сябе, думала: што рабіць з кумпяком, каму аддаць? — Бяры яго ты, Коля. Ну, бяры, а то я не падыму.
Зяць зрабіў крок да маці, узяў у яе з каленяў кумпяк і сам, здаравіла, закрактаў, прыкідваючыся:
— Ого, цяжар!
— А другі табе, Ніна. I ў цябе... якая ні сям’я, а сям’я. Веры і Сцяпану лапаткі дам. I грудзінку.
Заляскатала клямка, адчыніліся дзверы ў хату — з’явіўся Віця: у цёплай, на ваце, з аўчынавым каўняром куртцы, без шапкі, з грузавіком. Паставіў грузавік на падлогу і — «фур-фур, гу-у-у!» — прамым ходам у залу, міма Сцяпана, на яго не зважаючы. Даў круга вакол цыраты, хітрым вокам прыгледзеўся, што тут робіцца, і падкаціў да бабы Ганны, пад самае мяса, забубнеў:
— Аддай, баба, вушы...
Рагочучы, маці паклала яму ў машыну свіное вуха, вялікае, на ўвесь кузаў. Віця другі раз аб’ехаў цырату і зноў:
— Грузі, баба Ганна, другое вуха.
Вера ўсхапілася, прынесла малому прыгаршчы цукерак. Але Віця не той малы — адвярнуўся:
— Не мужчынская гэта яда!
Аддалі і другое — што паробіш? — зноў смеючыся, хоць ужо не так весела, і тады, апісаўшы развітальны круг, Віця выехаў з хаты.
Не ўстаючы з каленяў, маці глядзела ўслед хлопчыку:
— Во ён табе! Гулі гулямі, а вушы павёз.
Быццам рэха яе здзіўлення, але ўжо не як здзіўленне, як сталая хутчэй развага, з сянец чулася:
— Гулі гулямі, а вушы — ту-ту-у-у!..
I ніхто ўжо не смяяўся.
Цяпер ужо Сцяпану было балюча глядзець, як маці раскідвае свайго кабана. Гадавала-гадавала, а што з’есць? Тут яшчэ заўважыў белы, заматаны ў анучку палец, падобны на белую каціную лапку. Парэзала, ці што? Учора не было гэтай анучкі. Сёння паспела?
I плямка чырвоная — кроў. Відаць, моцна парэзала. Запякло на сэрцы, як убачыў кроў на белай анучцы. Вось тут і ўзарваўся:
— Што гэта ў нас робіцца? Усё расклала, усё па кучках, а сабе?.. Што сабе пакідаеш? Капыты? Хвост? Ці табе не трэба? Ужо, можа, есці не будзеш?
Такога маці не чакала ад Сцяпана — на момант збянтэжылася, моўчкі глядзела яму ў вочы. Але знайшла, што адказаць:
— Па суседзях не пабягу. Другі ў хляве.
— Цяпер гэтак кажаш,— не сунімаўся Сцяпан,— а пасля і таго раскідаеш.