Читать «Дзяльба кабанчыка» онлайн - страница 11
Віктар Карамазаў
Коля захадзіў па хаце, захваляваўся.
Адно дзяўчаты сядзелі ціхія, ані слоўца, ні за маці, ні за брата, быццам спрэчка іх не датычыла.
А маці ўсхапілася на ногі, балюча, ледзь не плачучы, залыпала вачыма, замахала перад сынам рукамі, той белай, з чырвонай плямкай, анучкаю на пальцы:
— Што ты, Сцёпа, бунтуеш? З бацькам заўсёды быў ціхі, слухмяны, а як са мною... Што з табой робіцца?
Яе крыку Сцяпан не вытрымаў, выбег з хаты.
Куды ішоў — не думаў. Куды ногі неслі. А яны ў маладога хуткія, вынеслі аж на выган, ды і там не спыніліся — дарогу далей знайшлі. З аднаго боку не скончыўся пабурэлы, пасохлы выган, з другога пайшло ржышча, яшчэ мацней пабурэлае, па ім высыпаў, як ад страху перад блізкай зімою, халодны восеньскі пот, курэла нізкая смуга. Учора дзень быў ясны, сухі, а сёння ўжо засмужаны, волкі. Неба шэрае, цяжка абвісла.
На ўзгорку Сцяпан спыніўся. Збоч дарогі шумелі старыя бярозы, бязлітасна, як чужыя, сцябалі адна адну на ветры танклявым і доўгім веццем. Узгорак над імі ўсыпаўся крыжамі, драўлянымі ды жалезнымі, курганкамі ў драўляных і жалезных агародках, а больш — без агарод, зялёнымі і сівымі замшэлымі камянямі, помнічкамі з напісамі, дзе падноўленымі, дзе сцёртымі ветрам, змытымі дажджамі. Усё змывалася, асыпалася. Камяні ўрасталі ў зямлю, курганкі асядалі, губляліся. Буялі хмызнякі, быльнёг, шыпшына — не прабіцца. Сцяпан скалоў рукі, разграбаючы зарасці, пакуль выйшаў да бацькавай магілы. Ні крыжа, ні помнічка, ні агародкі, ніякага каменя. Паспрабуй дазнайся, хто ляжыць. Але не зблытаў ні з чыім іншым курганком, бо неаднойчы бываў тут з маці — і як бульбу ў полі, за магільнікам, капалі, і як сенаваць ездзілі міма, і як дровы вазіў з-за рэчкі. Вось сёстры ці знойдуць гэтую наспачку без маці? Ад таго дня, як хавалі, ці былі тут хоць раз?
Над галавою шумелі бярозы, а насупраць ляжала бясконцае, пад самае неба, поле, прыбранае і ўзаранае, па-восеньску пустое, маўклівае, знясіленае за вясну, лета і восень, халодна санлівае перад надыходам зімы, сумнае, як гэты магільнік. Сцяпан быў не чужы свайму полю, ведаў, колькі жыцця і светлых надзей давала яно селяніну. На ім заўсёды буяла жыта. Бацька араў яго ўсё жыццё і вечна хваліў. Але цяпер поле пустое, сумнае — пуста і сумна было на душы.
Дзень такі: зямля халодная, неба шэрае, нізкае, а яшчэ — вецер, гоніць і гоніць шэрыя хмары.
Калі Сцяпан вярнуўся, дома, на двары, Коля корпаўся пад капотам, зачышчаў наждачкай свечы, а жанчыны пакавалі машыну: бегалі то ў хату, то з хаты, насілі і ставілі ў багажнік сумкі, каструлі, вёдры.
— Дзе гэта ты ходзіш? — спытала пакрыўджана маці.
— Табе пасобіць?
— Ужо няма чаго пасабляць.
— А грушу? — знайшла работу Ніна.— Грушу хто будзе абіраць? Я ж на яе не ўзлезу! I маці не ўзлезе.
А маці і радая, што дачка ўспомніла:
— Праўда, сынок. Абярыце вы з Колем грушу. Можа, маразы ўдараць, снегу накідае. А я сама не абяру.
— Абяром,— буркнуў Сцяпан і сеў пад плотам на бервяно.
Вера прабягала міма са слоікамі — чаплянула:
— Што, братуха? Стаміўся?
Ён моўчкі глядзеў, як жанчыны таўклі ў багажнік вядро з мочанымі яблыкамі, а яно не ставілася, месца не хапала, нават слоікі не было як утачыць, а яшчэ на зямлі стаяла вядзёрная каструля з капустаю, ручніком абвязаная. Павымалі сумкі, пачалі ставіць нанава. Куткі нарэшце ўсяму пазнаходзілі, а зачыніць багажнік не маглі. Падышоў Коля — паглядзеў, накінуўся на жанчын: