Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 37

Вячаслаў Адамчык

Праз тыдзень прыехаў высокі ў пазалочаных акулярах немец. Бліскаючы выпуклымі шкельцамі, аглядзеў гэтыя два дамкі, што і да вайны былі пад бальніцаю, загадаў усім, хто тут рабіў, вярнуцца назад і, папраўляючы свае пазалочаныя акуляры і разглядаючы ўсіх, сказаў чысценька апратаць будынкі і пасыпаць карболкаю. Тры жаўтлявыя папяровыя мяшкі яе прывезлі ўслед за немцам... А праз тыдні два да бруднай, размешанай вясновай гразёю дварчанскай платформы падагналі санітарны цягнік і з вагонаў у крытыя машыны пачалі выгружаць раненых немцаў — са Смаленска сюды, у Дварчаны, перабраўся вайсковы шпіталь.

Для Хрысці стала нібы і лепш — пачалі плаціць нават трыццаць марак, а перад іхнімі святамі выдаваць белаваты, мусіць, з дамешкам аўсяной мукі, хлеб, яблычны мутна-жоўны мармелад, сухарыкі і нават цыгарэты. Гэтую брыду яна бярэ ўжо дзеля мужчын з качагарні — там жа не толькі дзядзька Юзік, там яшчэ за сваім столікам пад нізка навіслаю на скручаным дроце электрычнаю лямпачкаю горбіцца, прыставіўшы да вока начэпленую на гумку чорную лупу і ўзіраючыся ў разабраныя, без накрывачак, з кветачкамі медных калёсікаў наручныя гадзіннікі, высахлы, занэнджаны Сулін мужык, яшчэ не расстраляны немцамі. Яго знайшлі тры тыдні назад у схроне пад падлогаю дома: некалькі будынкаў, дзе было гета, разбіралі цяпер на дровы. Нехта нібы дзеля жарту шукаў «жыдоўскае золата», палез у пограб і натрапіў на схрон.

Не верылася, што, замураваўшы сябе, мог праседзець чалавек ажно паўгода ў цёмным пограбе. А што еў?.. Але ж, кажуць, і вады і сухароў сабе назапасіў.

Як жа ж не знайшлі, не выпаралі яго паліцыянты з жандарамі? Яны нават з печы выцягнулі аднаго хлопчыка. У пограбы ды сутарэі пускалі сабак ды кідалі гранаты, калі выганялі яўрэяў з гета за чыгуначную станцыю, у даўнейшы кар’ер, што наўкруг аброс маладым хвойнікам.