Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 36

Вячаслаў Адамчык

Пакарэжаным старым вядром шлак насілі з чаднай, што заўсёды пахла прытарна-саладжавым вугальным дымам, кацельні,— яна, гэтая смуродная кацельня, была пад домам, якраз пад Хрысцінай баковачкай.

Кацельня была ніжай, у падвале, а пад каморай, на першым паверсе, бесперастанку грукаў дзвярмі і шумеў вадою з высокага чугуннага бачка туалет з умывальнікамі. Нейкая лякса бесперастанку ганяла немцаў, і яны, на кастылях, растапырыўшы локці, чыкільгалі туды. I надта ж ужо шыкаваліся і даглядалі сябе: то галіліся нейкімі сваімі брытвамі з жалезкамі, якіх поўна валялася на палічках каля люстэркаў, то колькі раз на дзень мыліся, то чысцілі зубы, выціскаючы з мутна-цынкавых цюбікаў зеленаватую, што прытарна пахла, мятную пасту. Немаладыя, сталыя дзядзькі, стрыжаныя пад кароткую польку, яны ўсе здаваліся непадступна-злыя і чужыя, і Хрысця заўсёды пералякаціць страхам, покуль апрача іхнія палаты. З гэтай зімы ў шпіталь пачалі прывозіць маладых, ужо, лічы, нават падлеткаў. Але з гэтымі было яшчэ горш. Яны ўжо не давалі Хрысці праходу, ліпнучы да яе, як пчолы да мелісы. А тонкі, рослы, з кучарава-натапыраным чубком немчык пачаў нават штодня зазіраць і ціснуцца ў каморку. Хрысця, не ведаючы, якую ад гэтага знайсці раду ды ратунак, папрасіла ўжо качагара — мурзатага, ніколі не прычасанага, з калматымі валасамі дзядзьку Юзіка, каб зрабіў для баковачкі хоць якую зашчапачку, бо ключ ад замка даўно згубіўся.

— Кажаш, чэпяцца,— Юзік падрапаў сваю калматую пад зашмальцаванай кепачкай голаў.— Можа, і сама трохі вінавата?

— Як гэта? — адступілася Хрысця і паглядзела на яго не злую адвіслую губу. Смешная была гэтая адтапыраная, трохі патрэсканая губа.

— Нябось на іх зіркаеш?

— Каб яны павыдыхалі, як я...

— Яны не павыдыхаюць, а цябе во высушылі.

— Баюся я іх.

— Дзіва што, цэлая зграя салдатні. Чаго там — зраблю табе зашчапічку.

А назаўтра прынёс і прыбіў да дзвярэй медную з круглым замочкам, з якога высоўваліся два доўгія язычкі, няхітрую засавачку.

— Дзе ж яе ўзялі? — здзівілася Хрысця, пазіраючы як дзядзька Юзік адчыняе, то зачыняе гэтую засавачку, круцячы за папярочны язычок — правярае, ці добра зрабіў.

— Дзе ўзяў, пытаеш? Адняў ад адных дзвярэй і прыставіў да другіх. А табе ёсць чым зачыніцца, то і зачыняйся.

I калі яна зачыніла дзверы, шчоўкнуўшы гэтай меднай засавачкай, з калідора ўжо загаварыў:

— Усё ж замкі ад добрага чалавека, ад ліхога спасу няма.

Хрысця азіраецца на медную засавачку і думае — не, усё ж нейкі ратунак ёсць. Нават не страшна цяпер, калі за дзвярмі стаіць рогат і гэты невядомы для Хрысці крык:

— Mützen ab! Augen links! Achtung!

Хаця Хрысця ўжо тое-сёе з нямецкай гутаркі ведае. Разбірае ўжо, што значыць іхняе schnell (хутчэй), auf (устаць), Haus (хата), Tisch (стол), Tuch (хустка). Ведае, як кажуць на воду, на крэсла, на падлогу. Можа нават па колеры абмундзіравання распазнаць, што за войска — дзе танкісты, лётчыкі ці пяхота. Бачыць ужо, што закарвашы іхніх фрэнчаў ды порткаў таксама розныя, як розныя і канты — то жоўтыя, то зялёныя. Ведае, як і называюцца яны па-нямецку — Uniformvorstoß — толькі вымавіць не можа. Ой, колькі ўжо ўсяго нагледзелася. Дзіва што, другі год у шпіталі. Спярша была пры дзецях, што прывезлі сюды з Расіі яны ж, немцы, якраз у першую халодную зіму,— мурзатых, абадраных, у вялікіх, часам не па назе валёнках, у смешных, з апушчанымі вушамі і рваных, нібы падзяўблі вароны, шапках. Меншым было не больш як па гадкоў сем, старэйшым — па чатырнаццаць. Большыя, наймаючыся ў пастухі, разышліся па вёсках, меншыя ж — жабравалі па Дварчанах: стануць пры веснічках перад хатаю, працягнуць худыя мурзатыя ручкі і жалосным, тоненькім галаском просяць: «Подайте, ради Христа!» Той-сёй, убачыўшы гэтакую нэндзу ды бядоту, вядома, падаваў. Які бурак, картоплю ці жменьку крупы прыносілі ўсе, хто рабіў тут, у шпіталі. Прыносіла і яна, Хрысця, дзелячыся ўжо тым, астатнім, што ў самой было. Хоць якое там было ці ёсць — у шкапчыку ды паграбку ходзіць адзін вецер. У тую ж зіму дзяцей разам з дзвюма кабетамі, што прыглядалі за імі, недзе вывезлі. Была і трэцяя, Глаша, але яна асталася тут — выйшла замуж за паліцыянта. Як і астаўся хлопец, наняўшыся ў пастухі да дварчанскага дзяка. Астатніх, што разбегліся па вёсках, ніхто і не шукаў..