Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 38

Вячаслаў Адамчык

Але не вельмі расказвае пра гэта ўнураны, нібы адрошаны ад усяго, зарослы ажно па самыя вочы чорна-сіваю шчацінаю, дзядзька Ёсель. Паўзе пагалоска, што яго расстраляюць разам з дочкамі Давыдоўскага. Дзвюх надта ж ужо харошых з твару, што і вачэй не адвядзеш, дзяўчатак паліцыянты не павезлі ў той шырокі за пуцямі кар’ер, а пакінулі ў нейкім хлеўчыку. Нібыта пашкадавалі. Але, ліха ім, вер. Усе Дварчаны гавораць, што бегаюць да іх — па чарзе. Дзяўчаты ледзьве жывыя — выцерпі столькі мужчын... Няхай крые ды адносіць бог, што пачало ўжо рабіцца на свеце! Няўжо прыйшоў канец усяму, няўжо людзі саграшылі, як пішацца ў тых святых пісьмах, што ходзяць патайком з хаты ў хату?

З тыдзень назад во тут, каля шпіталя, хірург — немалады высокі немец, за тоўстым шклом акуляраў у якога і не відаць вачэй, ні з таго ні з сяго застрэліў маладога хлопца. А спачатку нават аперацыю зрабіў, перавязаў прастрэленую ногу, а потым, схамянуўшыся, ці не лячыў партызана, выскачыў на двор, дагнаў фурманку і з рэвальвера, які носіць у карычневай похве пры боку, стрэліў хлопцу ў голаў, рашыў на месцы.

Пасля гэтага страшнага здарэння Хрысця наровіць, каб не трапіць на вочы гэтаму немцу ў акулярах з тоўстымі, як дно бутэлькі, шкельцамі, каб не бачыць карычнева-блішчастую кабуру, што заўсёды вісіць у яго пры боку на цёмным шырокім рэмені.

Няўжо ж дзядзька Ёсель чакае ад іх літасці. Хіба думае, што будзе сядзець тут, у качагарні, каля настольнай лямпы з шырокім абажурам і правіць іхнія гадзіннікі. Няўжо баіцца ўцячы? Яго ж ніхто не вартуе. Там, у ляску, у драцяной сетцы, якою абгароджаны шпіталь, ёсць дзірка... А можа, ён не ведае, а можа, трэба падказаць...

Хрысця ўзіраецца ў акно, забыўшыся пра рогат у калідоры,— што ж рабіць? Як памагчы гэтаму неразважнаму, нягегламу чалавеку, што чакае свайго наканованага, немінучага лёсу? Хіба падвясці да той дзіркі і падапхнуць у плечы. А там ужо, напэўна ж, памогуць людзі, не дадуць памерці. Хоць цяпер памагчы жыду — смерць. Без ніякага суду, роспыту, следства — расстрэл на месцы. Як застрэлілі дварчанскую бабу, што накарміла жыдовачку, калі немцы з гета прыгналі іх на шашу падсыпаць шчэбенем ямы ды параўняць лапатамі, падрэзаць канаву...

Не, трэба памагчы, яны з цёткай Суляй столькі паспрыялі Хрысці, за цэлае жыццё ці аддзячыш: і на кватэру ўзялі, і адзелі, і накармілі — іншая маці так не дагледзіць.

Пад той рагатай хвойкай, дзе сядзіць, накаркаўшыся і не выпрасіўшы нічога, ужо прыціхлы грак, ад дарогі адлучаецца вузенькая, пратоптаная ў шарым снезе сцежка, што між шурпатых і мокрых у камлях хвоек пятляе да мігатлівай драцяной сеткі. У лагчынцы, куды збягаюць драўляныя высокія слупкі агароджы, сетку нехта ціхенька, але злосна разарваў, каб, ідучы з работы ці на работу, можна было не патыкацца ў браму, дзе ў паласатай чорна-белай будцы стаіць вартавы. Найчасцей славак Юзаф — малады, прыгожы і, здаецца, не злы хлопец. Бліскаючы залатою каронкай, ён заўсёды першым дасць Хрысці «добры дзень» і зноў засмяецца, пазіраючы на свае залаціста-жоўтыя, вялікія, як начоўкі, плеценыя з саломы чуні, у якія ён уступаецца халоднымі чаравікамі.