Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 18
Вячаслаў Адамчык
— Дакумент!
— Які ж сённяшнім часам дакумант? — кабета недзе з боку каля сябе знайшла карміновы абшморганы рыдыкюль, дастала складзены ў чатыры столкі лісток у зялёную клетачку з чырвонай тоненькай лініяй.
Паліцыянт разгарнуў яго, паўзіраўся на фіялетавы штэмпель, прачытаў, мінуўшы нямецкі, толькі беларускі тэкст пасведчання: «...Выдана ў тым, што Бернацкі Казімір, яго жонка Бернацкая Адольфіна з’яўляюцца жыхарамі мястэчка Дварчаны».
— А дзе фотакартка? Хто гэта паверыць, што гэта вы жыхары, хіба толькі сам гмінны бурмістр спадар Казакевіч.
— Які далі дакумант, такі маем.
— Далі...
I тут нешта пачаў балбатаць, калоцячыся і крывячы адвіслую мокрую губу, пан Бернацкі.
— Праверка, не мыкай,— паліцыянт, паляпаўшы рукою па зялёнай у чорныя вазончыкі радзюжцы, раптам падсунуў пад яе руку, намацаў і выцягнуў «гусака» з чысценькай, ажно сіняватай, гнанай, як для сябе, самагонкай.
_ Міна? — зацвякаў падкоўкамі ботаў, ідучы да вазка, другі паліцыянт — ніжэйшы, з даўгаватым, панура апушчаным носам.
— Яна,— прыскаліў адно вока той, што трымаў за доўгае рыльца «гусака» з папяровым размоклым заткалам.— У камендатуру прыдзецца адвезці.
— Хлопчыкі, на лякарства яму вязу.
— Не дурыся, кабета, праязджай!
— Хлопчыкі...
— Скарэй, сказана,— рука ляпнула па боку дагледжанага гладкага каня, і сані, дастаючы шынамі да бруку, з едкім віскам паплылі на пераезд. На санях азіраўся і, крывячы мокрую адвіслую губу, сіліўся нешта сказаць пан Бернацкі.
Да другога воза паліцыянты падышлі ўжо на добрым падпітку: перад гэтым яны ўкрадкам бегалі за чорны куст бэзу і там пацягвалі гэты моцны, выгнаны, мусіць, з жытняе мукі самагон проста з «гусака», ставячы яго назад у снег між пазелянелых старых камлёў бэзу.
Да пераезда якраз набліжаліся розвальні, на якіх сядзеў, ганарыста падняўшы голаў у аксамітнай камілаўцы, настаяцель дварчанскай царквы Амвросій Дэконскі. Уперадзе яго на мяшку з аўсом курчыўся ад сыраватага адлежнага холаду і хаваў белыя вусы ў чорны аб’інелы каўнер кажушка Язэп Карыба.
Згледзеўшы паліцыянта, што высунуўся з-за шарага пераплеценага пруцця голага бэзу з чорным каўпачком леташняга гнязда, Карыба вяла шлёгнуў мокрай сырамятнай пугай, каб падагнаць каня і скарэй мінуць паліцэйскі пост, але тут няждана з-за спіны напярэймы каню выйшаў другі паліцыянт — высокі, бліскаючы асалавелымі, сінімі вачмі.
— Стой! — гукнуў ён, падымаючы чорную руку з сівым закарвашам і стараючыся злавіць каня за цуглі.
Карыба нібы незнарок праехаў трохі і тады ўжо турзануў на сябе лейцы:
— Тыр-р-р!
— Ты што? — паліцыянту нешта закусала за каўняром, і ён, жмурачыся, пакруціў доўгай худой шыяй.— Паліцыянта не бачыш?
— А хіба паліцыянт не знае бацюшку? — Карыба азірнуўся на Дэконскага, але той, панура звесіўшы свой немалы чырванаваты нос, маўчаў.
— Знаю, што з раю, але як зваць — не знаю,— густым атрутным пахам тытуню і самагону дыхнуў прыгорблены высакаваты паліцыянт.— Паказвай дакумент!
— Вы што? — прыўзняўся на мяшках насуплены Дэконскі і задраў сваю горка-аксамітную камілаўку — вока ў яго турзалася і касіла ад нервовасці.— Хіба мы падлягаем праверцы?