Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 17

Вячаслаў Адамчык

— Чудеса,— мармытнуў Дэконскі і, раздзімаючы злыя ноздры, паплыў у сваёй шырокай і доўгай, як бабская спадніца, расе да чорнай проймы расчыненых сяней...

З Прылуцкіх хутароў, забываючыся пра тое прыкрае здарэнне ў Рэпкавай хаце, ён варочаўся давольны — верасаўцы не паскупіліся: на Карыбавых розвальнях падраслі да самых жычак мяхі з аўсом ды жытам. Лёгкія лазовыя кошыкі, накрытыя гэтакімі самымі плеценымі вечкамі, пацяжэлі ад ружовых, перасыпаных сечкай ды мякінай яечак. Ад стаўбунаватай, таксама выплеценай з ракітніку і пафарбованай у чырвоныя і зялёныя паскі круглай карзіны, дзе ляжалі колькі свежых сыроў ды ўкручаных у анучкі асялкоў масла, смачна пахла солкай, падсушанай паляндвіцай. Яе, як кажуць, падсмыроджаную-падпраўленую, пасыпаную кменам, часнаком ды каляндрай і ўнюхалі дварчанскія паліцыянты.

Цяпер на пераездзе, калі што здаралася ў мястэчку, выстаўляўся пост — бывае, немец з паліцыянтамі, бывае, яны адны — паліцыянты, што стаялі на варце дзён два ці тры, правяраючы праезджыя фурманкі.

Сённяшняй ноччу пад нямецкі спальны вагон, што стаяў зводдаль вакзала на кароткай ветцы, нехта паклаў міну, праўда, невялікую — яна, аглушыўшы чыгуначную паліцыю, што спала там, толькі аблупіла на вагоне бляшаную абшыўку.

I сёння зранку перад паласатым шлагбаумам ужо сталі ў чорных, з дзюбавата доўгімі брылямі шапках двое паліцыянтаў, ружова разамрэлых, бо ўскоралі глынуць палкага, як агонь, першака, і ўзбуджаных, з перагарэлым нутром, што пасмоктвала і бурчала ад прагі; і паліцыянты нецярпліва і ўпарта думалі, як перахапіць зноў шклянку гары.

Сціраючы з пачарсцвелых сіваватых губ вялую ўхмылку, яны ўжо з важным, непадступным гонарам падыходзілі да саней, што пад’язджалі да пераезда, і давалі рукою знак з’ехаць на абочыну.

Пашморгваючы за рэмень вінтоўку, няспешна, з цяжкім шахканнем ялавых жоўтых ботаў, па раз’езджаным, перамешаным з сіняватым вугалем снезе падыходзілі да саней: адзін, каб праверыць, ці ёсць у фурмана аўсвайс — жаўтлявыя, пераломленыя кардонныя вокладачкі з наклеенай картачкай і фіялетавай прадаўгаватай плямкай — адбіткам пальца; другі, каб тым часам перавярнуць у лазовым палукашку пыльна-пяршывую канюшыну ці мяшок з аўсом і знайсці аплецены буталь з самагонам.

Як знарок, сёння ім доўга не шанцавала. Перабраўшы падвод шэсць, яны, раздражнёна-злыя і помслівыя, нарэшце запынілі чорны вазок калекага пана Бернацкага: разбітага паралічом гадоў сарака мужчыну, што, трасучыся як у ліхаманцы, ледзьве мог хадзіць і балбатліва, пырскаючы слінай, гаварыць,— без прывычкі і не разбярэш што. Баючыся ўжо таго, што сённяшнім ліхім часам магло здарыцца ў фальварку, ён са сваёй пакаёўкай, якая слугавала яму хвораму, а цяпер стала жонкай, перабраўся ў мястэчка. На ўладны жэст паднятай рукі яго чырванаватая, нават сіняя ад прыроды Юдаля, што была і за фурмана, сапучы ў руды, што абкручваў шыю, лісіны каўнер, скіравала каня бліжай да канавы, поўнай зеленаватай, у бурбалках, талай вады.

Высокі, худы, нібы з начэпленымі чорнымі пад носам вусікамі, паліцыянт сігануў да вазка, крыкнуўшы здалёк: