Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 20

Вячаслаў Адамчык

Цяжка ўжо сказаць, хто каго ўпадабаў, але гараджанін Пашка застаўся за гаспадара ў вясковай хаце.

Увосень сорак другога, калі партызаны, ідучы на дварчанскую шашу рэзаць тэлефонныя слупы, паднялі яго з пасцелі, сярод хаты стаяла, хаваючы пад наспех накінутым караткаватым каптанікам свой выпуклы жывот нябрыдкая з твару, трохі сумеўшыся ад начных гасцей, чарнявая маладзіца. Яна зацяжарала другі раз, каб другі ўжо раз нарадзіць дзіця без бацькі — Пашку партызаны не адпусцілі, забраўшы як кадравага вайскоўца да сябе ў атрад.

Другі з гэтых трох Кеша Ярафееў, па мянушцы Пара, якая прыліпла да яго ад нязвыклай сібірскай гутаркі: заміж «Слушай, парень», ён казаў: «Чуй, паря»,— прыйшоў у атрад з чыгуначнай аховы, што жыла пры рэчачцы ў бункеры, вартуючы жалезны мост, недалёка ад дварчанскага пераезда.

Ярафееву ды палоннаму ваенфельчару, што трапіў недзе аж са смаленскага ў дварчанскі нямецкі шпіталь, знайсці дарогу да партызанаў падказала Хрысця.

Ваенфельчар — бялявы, сарамяжлівы лейтэнант — не вярнуўся з першага задання, калі іх з невялікай групай партызан паслалі здабыць сабе зброю і яны, падпільнаваўшы між грудкоў на шашы нямецкі грузавік, дадумаліся, разяпы і дурні, захапіць яго разам нават з наваградскім ляснічым, не здагадваючыся, вядома, што ўслед за грузавіком з-за абсаджанага маладым хвойнікам пагорка высунецца нямецкая танкетка.

З пецярых партызан, якіх і пачаў касіць на адкрытай шашы нямецкі кулямёт, выратаваўся ён, Кеша, ды немалады, нават трохі клыпаты, былы дырэктар маслазавода, як назнарок і адпаведна дзеля гэткай пасады падабраным прозвішчам — Смятаннікаў, што быў тады за старшага групы.

Як там, каля нямецкага грузавіка, ён пакінуў сваю адзіную, з двума нерастрачанымі патронамі, бельгійскую вінтоўку, Смятаннікаў не помніць. Знайсці ружжо, але ўжо другое, яму памог Жэнік Рэпка, напытаўшы ў недалёкіх Ведравічах мужчыну, які яшчэ ўлетку сорак першага разам з трупамі байцоў закапаў, накрыж кінуўшы на іх, некалькі вінтовак.

Адну з іх у воспах ачышчанай іржы і нёс цяпер, трымаючы за самаробны вузкі рэмень, як носяць іншы раз за абодва доўгія кручкі каромісла, няспешны, трохі таўлуяваты Кеша Ярафееў.

Яна, вядома, не страляла, але вясковых цётак ды дзядзькоў палохала гэтаксама, як спраўная зброя, асабліва на хозаперацыях, калі прыходзілася ў слязлівага, лішне скупаватага гаспадара, што пачынаў плакаць, нібы па нябожчыку, па звязаным і ўкінутым у сані баранчыку ці парсюку.

На хозаперацыях была і чарка, была і скварка, але чагосьці не далягала, душа смылела па іншым. Ярафееў з Лобавым прасіліся ў Рэпкі, каб ён узяў іх з сабою ў Дварчаны — там было страшна, але і цікава: адтуль яны варочаліся ў атрад, маючы на сваім рахунку ці абстраляную будку з паліцыяй, ці спалены склад, ці падарваны мінай спальны вагон. Сёння, як і заўсёды, ішлі наўгад.

Ноч была чуйная — сцішэў вецер і пачаў зманвацца марозік. З высокіх сіва-жаўтлявых хмар выглядала і хавалася зноў голабелаватая, як бессаромная, поўня. Сіняе святло яе на шарай дарозе, што нібы ўкрадкам убегла ў лес, здавалася маладым, нярушаным і лёгкім, як першы снег.