Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 15
Вячаслаў Адамчык
— Ну, мы зараз яго пасвенцім,— Пашка скрывіў свой бялявы, пабіты сінявата-ружаватымі балячкамі твар і захіліўся за печ, прыслухваючыся ўжо да шоргату і глухаватага тупату ў дашчаных дзіравых сенцах.
— Дзеткі, пабойцеся бога, не чапайце,— здушаным голасам зашаптала старая і кумельгам падбегла да дзвярэй, каб адчыніць цяжкую, што западала, клямку.
Угнуўшы перад адчыненымі дзвярмі голаў, каб не зачапіцца чорнаю стаўбунаватаю камілаўкай за папярочку, Дэконскі на міг застыў у сенях і, пазнаючы ў старой Рэпчысе тую кабету, што, здаецца, колісь прасіла заступіцца за сына, нехаця пераступіў парог.
Ён дагадаўся таксама, што насуплены, нацяты хлопец, які сядзеў бокам да стала, перакінуўшы нагу цераз зэдлік, і быў, мусіць, той самы савецкі міліцыянер, за якога і прасіла заступіцца гэта худая, з востра задзёртым носам і сівымі, рэдкімі, што выбіліся з-пад хусткі, валасамі нізенькая жанчына.
На стале, які хтосьці чапіў, калыхнулася недапітая бутэлька з каламутнай самагонкай. Пілі, напэўна ж, ужо яны, партызаны. Чаму ж толькі той дурыла, што застаўся стаяць пры санях, не папярэдзіў, не даў знаць, што ў хаце могуць быць лясныя госці. Але ўцякаць адсюль ужо не было як, і Дэконскі, перамогшы свой раптоўны, задушлівы страх, што гарачым потам шугануў па спіне, зычна гукнуў у нізкую хату:
— Слава Ісусу Хрысту!
Вялікая, жаўтлявая яго рука ашчаперыла бліскучы латунны крыж і перахрысціла той кут, дзе сядзеў таксама трохі ўстрывожаны Жэнік Рэпка.
— Слава-слава,— скоранька зашаптала і махнула ў сябе перад носам рукою старая Рэпчыха.
— Хі-хі,— прарваўся за печчу нечаканы і недарэчны смяшок.
Дэконскі павёў краем вока і змеціў, як з-за белага мурка выслізнула і схавалася зноў цёмна-сіняватая руля вінтоўкі з пярсцёнкам мушкі.
— Низыди, сатана,— зычны голас Дэконскага нібы трохі залекацеў, але вялікая жаўтлявая рука, узяўшы крапідла, тыцнула ім у пустое вядзерца і тройчы з глухаватым шумам махнулася на хату.
— А крапідла-то сухое,— з-за нізкай печы нарэшце высунуўся драбнаваты ў плячах, схуднелы, ў рудаватым шарачковым пінжачку Пашка Лобаў. Шчака яго, шчодра ўсыпаная сіняватымі балячкамі ад вугроў, крывілася ад здзеклівага смяшку.
— Дзеткі мае, ці вам ужо вучыць бацюшку,— Рэпчыха баязліва і скрыва паглядала на вінтоўку, якую паставіў сабе на мокры, раскіслы чаравік танклява-худзенькі партызан.
— Чаму ж яму і праўда вады ўжо шкода,— перакінуў сваю кароткую ногу цераз зэдлік і ўстаў ужо каля стала натапыраны Жэнік Рэпка.
— Ты вот памаўчы,— азірнулася на яго старая.
— А чаго маўчаць, помніш, як ты плакала?.. Ручкі яму цалавала, во гэтыя, вялікія, як клешні, і валасатыя.— Жэнік знізу ўверх змераў прыціхлага каля парога і ссутуленага папа. Твар у таго скамянеў да жаўтлявай мярцвянасці.
— Сціхні, нехрысць,— закруціла, затрасла галавою старая Рэпчыха, выцягнуўшы руку, нагнулася ў памялешнік, знайшла там чапялу, падняла над сабою.
— Маці... ты,— закрыўся рукою і пачаў паціху адступацца за стол, брыдка пасмехваючыся, перапалоханы Жэнік Рэпка.
— Во расквашу доўбню адному і другому,— яна заплюшчыла вочы і замахнулася чапялою.