Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 14
Вячаслаў Адамчык
— Нет уж,— Дэконскі спусціў з саней чорна-бліскучую ў наглянцаваным хромавым боце нагу.— Мы сеятели семя божьего, и пусть оно упадет на добрую землю и, взошедши, принесет плод сторичный.
— Яно гэтак...— Карыба саскочыў усё ж першым, падаў руку грузнаму Дэконскаму, якога нечакана схапіў востры боль у крыжы, памог падняцца з саней.
Скрывіўшыся ад гэтага раптоўнага болю і паволі разгінаючыся, Дэконскі зіркнуў на запацелае, скасабочанае акно Рэпкавай хаты, у якім забялеў і схаваўся невыразны жаночы твар, і, пахрумстваючы лядком, рушыў да падзёўбанага сякерай парога.
Ён не ведаў, што ідзе ў хату да той самай Рэпчыхі, што пазалетась прыбягала да яго, протаіерэя Дэконскага, як бегалі з кожнаю бядою даўней і цяпер, і, падаючы перад ім на калені, адчайна і сударжна пачала хватаць за чорны падраснік, напрамілы бог просячы, каб памог выратаваць сына, што больш ужо сядзіць у жытніх пашарках, чым дома, і што ўжо не раз прыязджаў шукаць яго камендант дварчанскай паліцыі.
Непадступны, насуплены Дэконскі цяжка соп у вялікі нос і маўчаў, слухаючы збедаваную кабету, і нечакана рвануўся, пакінуўшы за сабою пах адэкалону, ажно Рэпчысе забіла дух, і здалёк ужо махнуў вялікаю рукою: «Не, я не пайду ў камендатуру ні казаць, што ваш сын служыў у міліцыі, ні заступацца за яго. Хай ратуецца як умее ды можа сам».
З шорсткіх, што церушылі за карак асцюкамі, пацямнелых ад дажджу снапоў, якія пара было звозіць у гумно, Жэнік Рэпка перайшоў у той вузенькі, зроблены ў сенях схрон, а адтуль ужо глухою восенню перабраўся да клыпатага сваяка ў далёкую прылесную вёску, дзе ўжо на яго разам з акружэнцам, што быў прыбіўся ў адну хату не то за прымака, не то за парабка, натрапіла партызанская група і грозна, нібы падазраючы ў чым, загадала збірацца ў дарогу — іх тады пагналі пад шашу рэзаць тэлеграфныя слупы. Адтуль яны ўжо нават неспадзявана трапілі ў атрад.
Цяпер яны былі зноў разам — вярталіся якраз з задання з Дварчанаў і зазірнулі да Рэпкі ў хату, каб перачакаць да вечара, як тут пад акно з парадзелага ўжо туману, у якім выбівалася белаватае сонца, выплылі сані з грузным дварчанскім папом.
Цяжкі тупат конскіх капытоў і нечаканы лопат курэй і абудзіў усіх у хаце.
Старая Рэпчыха, шмаргнуўшы скурчанаю рукою па шыбе і сцершы на ёй густую луску поту, вобмельгам зіркнула ў акно і перапалохана забожкала: «Ах божа мой, поп прыехаў». I пачала адступацца да стала, за якім сядзелі асалавелыя, з чырванаватымі вачамі ад бяссонніцы і самагоннай чаркі Жэнік Рэпка і бялявы, вуграваты Пашка Лобаў, што сёння раненька, яшчэ старая не запальвала печы, усунуліся ў хату.
— Хто там? — першым крутнуўся на зэдліку і скочыў да вінтоўкі, што стаяла пры зеленаватым, распісаным у жоўтыя кветкі, невялікім куфры, Пашка Лобаў.
— Дварчанскі Карыба бацюшку прывёз,— Рэпчыха зяхнула ледзьве жывым, перапалоханым голасам.
— Таго самага... Дэконскага? — Жэнік, выціраючы локцем тлуставатыя, блішчастыя ад падсмажаных скварак губы, таксама азірнуўся на акно.
— А каго ж яшчэ... Хаты, мусіць, высвенчвае,— дагадалася нарэшце і трохі паспакайнела Рэпчыха.