Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 12

Вячаслаў Адамчык

— Гэта ж ці ведаеш?.. Поп вунь ходзіць ды высвенчвае хаты.

— А да мяне, можа, і не зойдзе,— Алеся разблытала ў бардовым, начэпленым на вітушкі матку парцяныя, туга спрадзеныя ніткі.

— Чаму гэта? — вырачыліся бялёсыя Вользіны вочы.

— Хіба ж вёска не знае, што я каталічка?

— Ага ж... А я во з хаты ўцякла. Прымкнула хлопца і ўцякла. У мяне ж і няма чаго даць.

— Смешная ты, Вольга. То я, можа, пазычу.

— Ай, абыдзецца,— адмахнулася рукою Вольга і насцярожана зіркнула ў акно, і брыдкая ўхмылка не то дзіва, не то страху перакрывіла яе твар.— Дальбог, да цябе бацюшка ідзе!

— Столькі ўжо страху, няхай зойдзе,— Алеся, перахапіўшы яе зірк, таксама глянула ў акно і ўбачыла насатага ў чорнай скуф’і, з-пад якой лезлі пасмы доўгіх, пазавіваных кольцамі цёмных валасоў мажнога, з востраю бародкаю і цяжкім латунным крыжам на грудзіне папа.

Алеся ўзяла за руку, каб не перапалохаўся, хлопчыка, гэткага чарнявага і сінявокага, як Імполь, і адсунула далей ад парога вітушкі.

Поп, ведаючы ўжо вясковыя хаты, разбіраючыся ў закутках і клямках і не блудзячы ў сенях, скоранька адчыніў дзверы, звыклым вокам глянуў за парог, каб не ўсунуцца ў гаршкі ці ражкі, і ступіў у хату. Дзверы за сабою, як злодзей, каб было зручней уцякаць, не зачыніў.

— Во имя отца...— пачаў ён хрыплавата-зычным голасам, але раптам змоўк і сумеўся, убачыўшы на покуці абраз маткі боскай без звыклых белых ручнікоў з чырвонай вышыўкай ці шараватымі, вязанымі з вітых нітак зубкамі. Наліваючыся чырванню, перапытаў:

— Католики здесь?..

— Ага, католікі, католікі,— замаргала сваімі выцвілымі вейкамі Ваўчкова Вольга.

— Но бог един,— бацюшка павярнуў свой насаты твар на Алесю, за якую хаваўся насцярожана-пудкі, стрыжаны ў радкі хлопчык, мусіць, у ёй прызнаючы гаспадыню і чакаючы, што скажа яна.

— Гэта праўда, бог адзін, нас шмат грэшных,— вінавата ўсміхнулася яна, і пастаранілася.— Свянцеця, раз ужо зайшлі.

— Аще кто слово мое соблюдет, смерти не иметь видети вовеки,— дрыготкая вялікая рука падняла латунны, што вісеў на срабрыстым ланцужку, крыж, перахрысціла покуць, а потым ужо дастала з серабрыстага вядзерца махрыстае крапіла і накрыж махнула ім на хату.

Дробныя кроплі вады раптоўным холадам пырснулі на Алесю з хлопчыкам. Хлопчык зажмурыўся і патрос стрыжанаю галавою.

— Крещеный? — бацюшка залацістым крапілам паказаў на дзіця.

— Як жа ж нехрысцем жыць? — варухнула плячом Алеся.

— Слава Ісусу Хрысту,— зашамацеўшы шырокай, у жоўта-залацістай аблямоўцы расай, ён павярнуўся да непрычыненых дзвярэй.

— Слава, слава,— Вольга паспешліва заківала галавою ў чорнай аб’еханай хустцы, з-пад якой выбіваўся ўпарты чуб раскалмачаных рыжавата-залацістых валасоў.

— Пабудзь з ім,— Алеся паказала на хлопчыка і бегма падскочыла да печы, дастала з-пад прыпека чыгунок з ружаватымі яйкамі. У стопцы яшчэ адрэзала доўгі, на ўвесь аполец, брус сала.

Збянтэжаны фурман, заходзячы на другі бок саней і хаваючы вочы, нечакана забубніў у свае зеленавата-белыя пышныя вусы: