Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 10

Вячаслаў Адамчык

Ні Алесіна просьба, ні сварба ўжо не памаглі.

— Пайду,— сказаў ён упарта.

— Поначы гэтакім часам хадзіцьмеш?

— Дзе ноч — там сон, пераб’юся.

Але тады-сяды ён з’яўляўся дадому, прыносячы ў кішэнях шарую, перамешаную з крошкамі ад хлеба, бойную соль, і трохі падагрэты, расчырванелы ад чаркі.

— Ну выпіў, выпіў,— крывячы ў кіслым, гідкім смеху мокрыя губы, ён шырока адчыняў дзверы ў хату, хістка ішоў да стала і выварочваў кішэні з гэтай шарай бойнай соллю: — Але глядзі, што прынёс!..

Алеся, баючыся і за яго, і ўжо за сябе з дзіцем, бо немцы крый бог зловяць — нікому не будзе літасці ды спасу, угневана і злосна закрычала:

— На цэлае жыццё не наносіш! Ды прыпыніся піць, а то гадка глядзець: целяпаешся, як той круцілаўскі Файба.

I ён, ужо раз’ятрана і дзіка вырачыўшы бліскуча-пачырванелыя вочы, нават махнуў рукою, згробшы са стала і пырснуўшы па хаце гэтай соллю:

— На еш, душыся!..

Соль сыпнула і на хлопчыка, што сядзеў каля лавы напроці печы, шаргатліва крэмзаючы кавалачкам крохкага вугля па гліняным току — маляваў, мусіць, дзеда і бабу і, падхапіўшыся, жалосна заплакаў і ад болю, і ад перапалоху ўжо. Алеся абвіла яго рукою, прытуліла да сябе.

— Ой, граха ты ўжо саўсім не баішся!

— Не думай, не дбай пра мой грэх, глядзі свайго!

Сказаў, нібы ўдарыў, няшчадна кальнуў чым вострым у сэрца, і яно заныла тым даўнім болем, які ўжо быў суціх.

Даўно Алесю ніхто не папікаў смерцю старой Мондрыхі і немай Еўкі. I на табе — ён. Алеся, змярцвеўшы ад крыўды, адчаю, ажно пахіснулася, як п’яная, сама і ўжо, як п’яная, нічога не помнячы, не разбіраючы, што робіць, крычма закрычала:

— Кабель, брыда, кавалак гультая, вон з хаты!..

— I пайду,— сказаў, здаецца, нават спакойна і з радасцю.

— Ідзі ўжо да яе, да гэтай нямытай сучкі!..

— Пайду, падганяць не трэба.

Зніякавалая Алеся нават, здаецца, не чула, не бачыла, як ён вышмыгнуў з хаты: злосць, адчай, боль зацьмілі свет...

Потым ужо, схапіўшы хлопчыка за руку, выскачыла на сцішную, асвечаную ўжо рэдзенькім вечаровым сонцам вуліцу, убачыла ў другім канцы яе белаватую, сцёртую мяшкамі ад гэтай солі яго ссутуленую спіну — ён спяшаўся і зварочваў каля Ваўчка на кладку, каб выбегчы на стары, ужо мала ходжаны гасцінец, што бег у Дварчаны.

Чуючы босымі нагамі гарачы, яшчэ не астылы пясок, прайшла вуліцай да Сымонавага калодзеся, да зялёнай, затравелай жылы-крынічкі і задыхнулася ад адчаю і пакуты: «Няўжо так змарнавалася і скалечылася з ім усё жыццё?»

Яна падняла хлопчыка на рукі, чуючы, як гарачыя слёзы апякаюць шчокі, як маленькай халаднаватай рукою хлопчык сцірае іх і туліцца да яе шаўкавіста-слізкаю галоўкаю.

Накінуўшы наапашкі пінжак, расхрыстаны і нейкі зжоўклы ўвесь назаўтра раненька да Алесі прыбег бацька і ўжо ўстрывожана спытаў, чаго гэта проці ночы ўчора ў Дварчаны пабег п’янаваты Імполь.

— Хто ж гэта прыцікаваў? — зазлавала ўжо спакутаваная і знявераная Алеся.

— Пытае — хто. Ды наш Змітрык. Гэты ж таксама ніяк не прыпыніцца. Ляціць усё да Грабянкавай сваячкі.

— А што ўжо, тата, зробіш,— Алеся зноў здушыла свой гнеў і пакуту.