Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 11
Вячаслаў Адамчык
Бацька нават закалаціўся ўвесь, заплюшчыў вочы і затрос кулаком, прарочачы нешта несусветна страшнае ды грэшнае:
— Вот папомніш мяне: бегае ён ужо на сваю пагібель.
— Пра каго ты кажаш, тата? — Алеся злякнулася і, млява ловячы рукою лаву, прысела на яе.
— Ды пра яго, пра Змітрыка ўсё.
— Перахрысціся! — закрычала ўжо Алеся і сама апала душою, успамінаючы Імполя.
— Каб гэта адвярнула бяду,— ён падышоў да печы і паглядзеў, як там палаў і патрэскваў агонь.
— Так не наклікай яе!
— Можа, і не трэба гаварыць,— ён павярнуў свой ружовы, асвечаны агнём твар.— Але ўжо раз да слова прышлося, то скажу. Гэта твой каля чужых спадніц аціраецца, а Змітрык, як муха ў малако, у палітыку абцэсам лезе. Чуе маё сэрца...
— Тата...— і нейкая тугая зашмарга здушыла горла.
I Алеся пачала жыць, як і жыло цяпер усё Верасава, са страхатлівым чаканнем немінучай, наканаванай бяды.
Так ператрывалася, перабылася ды перагаравалася ўжо трэцяя зіма...
II
Развіваючы за сабою шырокую паласатую стужку епітрахілі і падбіваючы падол доўгай чорнай расы з нашытымі жоўтымі крыжыкамі, па Верасаве хадзіў і высвенчваў перад велікодным постам хаты высокі, адутлаваты з сіваю бародкаю настаяцель дварчанскай царквы Амвросій Дэконскі.
Падбароддзе яго збіралася ў складкі і цяжкім воллем наплывала на шаўкавістую епітрахіль, калі ён, угнуўшы голаў, шырока ступаў у зацярушаныя ружовымі трэскамі ды пілавінамі, забруджаныя за зіму верасаўскія двары.
Услед за ім ад брамы да брамы з густым шахканнем па раздражджалым снезе пад’язджала фурманка: водле розвальняў нетаропка ішоў, трымаючы злёгку папушчаныя лейцы, ружовашчокі з зухавата-белымі распушанымі вусамі царкоўны стараста. Ён неўпрыкмет, па дамоўленым знаку адказваў Дэконскаму, у якую хату заходзіць, а ў якую не, бо ў Верасаве, як ува ўсіх тутэйшых вёсках, праваслаўныя, што называлі сябе рускімі, змяшаліся з католікамі, што ўжо лічыліся палякамі і святкавалі вялікдзень звычайна раней, па новым календары. Рады ў гады святы і супадалі.
Стаяў адлежны дзень з волкім туманам, што з’ядаў аселы, паточаны ў пагоду ясным і высокім, ужо вясновым сонцам шараваты зярністы снег.
У тумане відаць белае, і таму чорна-шарыя верасаўскія хаты размываліся ў сіняватай, як разведзенае малако, глыбіні і бачыўся на вуліцы сыты конь дварачанскага царкоўнага старасты.
I дасужыя верасаўскія бабы, падцікаваўшы, на якую вуліцу заварочвае белы конь, заднімі дварамі ды загуменнямі паспявалі ўскочыць з хаты ў хату ды наказаць адна адной і — гэтак па нітачцы ўжо далей,— што па вёсцы ходзіць поп, і ўжо ўсе спрытном падмяталі хаты, прыбіралі з прыходу чыгуны ды ражкі і скоранька, дастаўшы з куфра, засцілалі бела-іскрыстым ільняным абрусам пачарнелыя, сточаныя шашалем сталы.
Багацейшыя прыспешвалі ў засекі набраць рэшата аўса ці жыта, бяднейшыя, адкінуўшы полку, нагіналіся ў падпрыпек, каб выбраць з дуплявага, аплеценага дротам гаршка драбнаватых ад маладых курэй і назбіраных на гэтакі дзень яек.
У Алесіну хату, задыхаўшыся, убегла Ваўчкова Вольга, пакасілася на вітушкі, што стаялі на драўляным крыжы-падстаўцы, на кошык з вялікімі клубкамі,— усё Верасава рыхтавалася пасля вялікадня ставіць кросны,— і расслабіла пад шыяй тоўстую суконную хустку: