Читать «Голас крыві брата твайго» онлайн - страница 8

Вячаслаў Адамчык

Дзевяць гектараў тлустай удобіцы, якія яшчэ прыдбаў бацька, калі распрадавалі прылуцкі фальварак, Вайтовіч аддаў, праўда, без ніякай паперы, нібы ў арэнду, сквапнаму Броніку Літавару, што трымаў ужо двух парабкоў — ленінградскую студэнтку і ўкраінца-кінамеханіка, што прыблукалі ў Верасава з-пад Беластока: спярша падрадзіліся за харчы рабіць брукаваны ток у гумне, а потым ужо ўсё, што належыць у гаспадарцы.

Верасава ж, учуўшы пра Вайтовічаву жаніцьбу, трохі павыскалялася, пагаварыла і сціхла — у кожнага была свая бяда ды клопат. А Вайтовіч ад патаемнага няжданага кахання да паўнявай спакуслівай маладзіцы раптам вылюднеў, адмаладзеў, выпрастаўся ў плячах, і яго шара-выцвілыя вочы пачалі вясёла пабліскваць ад шчасця і прыгубленай штодня чаркі. Сухаватыя, патрэсканыя губы крывіў кіславата-хітры смяшок: ён знайшоў больш прыбытковае месца. Спрадаўшы бацюшкаваму сыну сваю недаходную з таннаю драбязою лаўку, Вайтовіч перайшоў у ЦТО — новую кантору, якую немцы адкрылі ў Дварчанах — спярша грузчыкам, а потым ужо, падлашчыўшыся да славака, што быў намеснікам у начальніка-немца, пачаў загадваць складам, ці, як казалі, стаў магазінерам — прымаў гарох. Сюды у ЦТО людзі здавалі падатак — збожжа, кароў, свіней, авечак. Дзеля блізіру гэта ўсё трохі атаварвалася посудам — жаўтлява-зеленаватымі міскамі, сподачкамі, кілішкамі, талеркамі. А хто здаваў цялушку ці авечку, то нават соллю, праўда, яшчэ савецкаю... Яна, скамянелаю шара-іскрыстаю, як лёд на згоне зімы, глыбаю ляжала ў даўнейшым сельпоўскім складзе — драўляным доўгім будынку, накрытым счарнелаю гонтаю.

Сюды, да солі, і маскаваўся перабрацца Вайтовіч, але там непрыступна стаяў Літвінюк, што за польскім часам выдаваў сябе за католіка, а цяпер пры немцах, апрануўшы новую стракатую ясёнку і надушыўшыся адэкалонам, штонядзелі спяшаў у царкву на «заутреннюю».

Вайтовіч схітраваў — прывёў ад Літавара з Верасава студэнтку, нібы на кватэру ў дом, дзе жыў якраз славак — прыгожы, відны сабою хлопец, і нечакана ўсё перамянілася: Літвінюк пайшоў прымаць гарох, а ключы ад склада з соллю прыдбаў Вайтовіч.

Соль была цяпер у цане, на вагу золата. Насыпаў кішэнь — і ўжо табе і чарка, і скварка. Але, беручы самагон, глядзі, каб не падаткнулі атруты, бо для моцы яго чаго толькі не дабаўляюць: і сіняга каменю, і хмелю, і курынага памёту, і нават, кажуць, чалавечага калу.

Аднак за соль можна было паплаціцца галавою. Смерць на месцы, калі зловіць камендатура. Як гэта прылучылася з чатырма ведраўцамі, што рабілі ў орсткамендатуры грузчыкамі і ўкралі там шарсцяныя коўдры. Іх завялі за дашчаты хлевушок, дзе быў сметнік, дзе капалі ямы, каб кідаць у іх кухонныя адыходы, і загадалі капаць яшчэ адну,— ужо для саміх сябе. Тут ведраўцаў і застрэлілі.

На солі яшчэ ніхто не папаўся. Немцаў там не было, склад, дзе грузчыкі кіркавалі цёмна-шарую скамянелую глыбу, вартаваў усяго адзін паліцыянт — худы, цыбаты, з падбрытымі вусікамі Алек Сідорык.