Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 81
Сергей Песецкий
Жонцы Сыроня сказалі паведаміць у паліцыю, што ейнага мужа, перакупшчыка, які хадзіў па вёсках, забілі. Нават вызначылі назву вёскі. Жанчына, у жахлівай роспачы, так і зрабіла. Паліцыі ўдалося высветліць, што насамрэч у той вечар у вёсцы забілі злодзея, так сцвярджалі сяляне, які трапіўся на гарачым учынку. Але доказаў гэтага не было.
Ані зладзейскіх прыладаў, ані слядоў крадзяжу. Труп Сыроня знайшлі ў вялікай кучы гною на полі. На целе не было адзежы і ботаў. Не знайшлі таксама ані ягоных дакументаў, ані гадзінніка. Паліцыя склала пратакол, які выправіўся ў службовае падарожжа. Цела мужа забрала жонка і пахавала яго на Залатагорскіх могілках.
Злодзеі сур’ёзна паклапацілася пра сям’ю Сыроня. Дапамаглі ім адкрыць крамку ля Белацаркоўнай вуліцы. Іх лёсам цікавіліся і доўга пасля.
Антэк Турак прысягнуў адпомсціць сялянам: «Я ім вёску чырвоным пафарбую! Убачыце! Не дарую!»
І насамрэч праз месяц, у адну з цёмных восеньскіх начэй, згарэла амаль уся вёска. І гэта паўтаралася потым ледзь не штогод.
Увосень таго года для злодзеяў Менска-Літоўскага пачалася чорная паласа. Яны трапляліся на работах, трапляліся без работы. Некаторыя — старыя ваўкі — адбіліся ад горада. Іншыя змянялі маліны. Уладкоўваліся ў фраераў. Наогул працавалі асцярожна і чакалі.
Федзя Гусар — разбойнік, які арганізаваў гранду на ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў, — хварэў. У яго страшна балела нага, прабітая куляй падчас уцёкаў са Смаленска. Ён хадзіў з кійком, але пераважна сядзеў на маліне ў фраераў. Яго размясціў там Ігнат Кулікоўскі. Федзю шукалі следчыя некалькіх гарадоў. Ён ведаў пра гэта і намагаўся днём у горадзе не паказвацца.
Маліна ягоная была на Ніжняй Ляхаўцы. Ён жыў у сям’і чыгуначніка, які амаль заўжды быў у раз’ездах. Кватэрай займалася ягоная жонка, ужо немаладая і хітрая кабеціна. У яе было тры дачкі. Старэйшая працавала прадавачкай у галантарэйнай краме. Дзве малодшыя — якім было ўжо па дваццаць — нудзіліся дома. Гусар пачаў заляцацца да малодшай, Зіны, якая яму падабалася. Дзяўчына какетнічала з ім, фліртавала, але на гэтым усё і заканчвалася. Яна лічыла яго магчымым кандыдатам у мужы, таму, хоць і была лёгкадаступнай, але з Федзем трымала дыстанцыю, спрытна спыняючы яго залёты.
Гусару гэтага было мала. Ён быў гарачага тэмпераменту, таму знайшоў сабе дзяўчынку, якая пераходзіла ў блатных з рук у рукі ў адпаведнасці з іх кароткімі, але яркімі кар’ерамі. Яе звалі Ліся — скарочана ад Альжбеты, але хутчэй таксама ад яе манеры паводзіцца: мяккай, ціхай, памаўзлівай, дапытлівай. Ліся пачала ўсё часцей наведваць Федзю і ўрэшце пасялілася з ім.
Зіну агарнуў шал, асабліва калі яна заўважыла, што Гусар купляе сваёй кралі розныя апраткі-аладкі. Яна паскардзілася мамусі на двудушнага кавалера, які дурыў ёй галаву, а цяпер жыве з іншай. Мамуся пачала практычна даследаваць справу:
— Ты ж на спатканні з ім хадзіла?
— Ну, хадзіла.
— І нічога?
— Што нічога?
— Не дала яму?
— Не.
— Ну і дура! — вынесла прысуд мамуся. — Таму ён сабе іншую і знайшоў.
— Я думала, ён са мною ажэніцца.