Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 58
Сергей Песецкий
Хуліган падарваўся на ногі. Баран спрабаваў сесці, але яму было млосна. Раптам ён заўважыў у руках Ісая лязо нажа. Кашэчым рухам Баран выкруціўся ад удару і аберуч схапіў Ісая за правіцу. Угрызся зубамі ў ягоныя пальцы, і нож вылецеў з хуліганавай рукі. Баран схапіў нож і адным кароткім рухам знізу ўверх джгануў ім Ісая ў жывот. Ісаеў кулак, нацэлены ў скронь Барана, не завершыў удару і апаў.
Тым часам Парадак жалезнай завалай дабіваў рэшту хуліганаў. Яму ўжо не была патрэбная дапамога. А ягоны сябрук — гарманіст Папугай — сядзеў сабе на лавачцы перад домам і, абыякава назіраючы за бойкай, граў на гармоніку вальсік. Што яму з гэтай бойкі, ён такога шмат бачыў на вечарынках. Што праўда, не так маштабна, але як на яго, то і досыць.
Ісай кінуўся наўцёкі, але ў яго пачалі вывальвацца кішкі. Ён сеў. Кішкі выпалі на пясок — паміж ног. Ісай, ціха скуголячы, ліхаманкава збіраў іх і запіхваў у брушную поласць. Сабраў. Закрыў растапыранымі пальцамі. Устаў і, хістаючыся, паспрабаваў бегчы на паўсагнутых нагах.
Праз момант ён зноў сеў. Кішкі зноў вываліліся на пясок. І тады Ісай завыў нізкім, згасаючым, перарывістым голасам.
А згары на ўсё гэта пазірала халодная, бледная, абыякавая поўня.
НАЙВЫШЭЙШЫ
ЗЛАДЗЕЙСКІ ПІЛАТАЖ
Ажур ужо два месяцы праходжваўся вуліцамі Менска і вузкімі шэрымі вачыма, у якіх зіхцелі водбліскі сталі і агню, даследаваў горад. Тонкі розум чалавека, які вырас і жыў у заўсёднай небяспецы, быццам рэнтгенаўскім апаратам прасвечваў камяніцы і душы людзей — ворагаў, ахвяр і калег. Ён быў шукальнікам скарбаў — без розніцы, дзе яны хаваюцца: у жалезе, бетоне, пяску і азбесце сейфаў ці ў душах сяброў. Сталых супольнікаў ён не меў, бо не раз расчароўваўся ў людзях. Падбіраў іх з ліку калег па цэху, а нярэдка працаваў і з фраерамі. Ажур быў чалавекам выключна негаваркім. Ён змаўляўся вачыма і рухамі жывых, нервовых рук. Выглядаў ён элегантна. Высокі, хударлявы, заўжды ахайна апрануты. Па натуры ён быў нервовым, але пры гэтым дасканала валодаў сабой, усе і лічылі яго чалавекам са сталі.
У злачынным свеце Ажур меў рэпутацыю цудоўнага «скрыначніка». Ён быў адным з найлепшых медзвяжатнікаў у Еўропе, адседзеў некалькі тэрмінаў у розных турмах Расіі, Германіі, Францыі і Румыніі, куды ездзіў на «гастролі». Сам малаадукаваны, ён валодаў некалькімі мовамі і меў прыстойны багаж ведаў. Па прафесіі ён быў слесарам, некаторы час працаваў электратэхнікам.
Упершыню ён трапіў у турму па палітычнай справе. Праз знойдзеную ў яго кватэры падчас вобшуку эсэраўскую брашуру яго западозрылі ў прыналежнасці да партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Ажур не выдаў сябра, ад якога атрымаў брашуру. Сказаў, што знайшоў яе на вуліцы. Сядзеў ён нядоўга, але пасля вызвалення ніяк не мог знайсці працу. Тады ён з’ехаў з Каліша ў Варшаву і там уладкаваўся электратэхнікам. Але няўдача і тут яго напаткала. Яго абвінавацілі — зноў памылкова — у крадзяжы грошай з кватэры, дзе ён працаваў. Іх скраў хтосьці з сямейнікаў, карыстаючыся тым, што ў кватэры бываў чужы чалавек. Пры вобшуку ў Ажура знайшлі крыху грошай, у якіх пацярпелы «пазнаў» частку тых, што ў яго зніклі. Сур’ёзнейшых доказаў супраць яго не было, і Ажур або застаўся б на свабодзе пасля суда, або атрымаў бы маленькі тэрмін. Але яму пашкодзіла папярэдняя адседка — судзімасць. Невінаваты Ажур адседзеў у макатоўскай турме два гады.