Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 53

Сергей Песецкий

Ісай яшчэ больш нахмурыўся. Выпіў паўшклянкі і сказаў:

— Гонар гонарам, а я вось як захачу, то Ядзьку Рудую ў іх забяру.

Ядзя Рудая была пляменніцай Ісая, але ані ейны бацька, ані ейная маці не падтрымлівалі сувязі з хуліганам. А калі Ісай колькі разоў наведаў іх на правах сваяка, прымалі яго вельмі прахалодна.

— Не надта ты яе забярэш. Мае права гуляць. І госці абразяцца.

— На гасцей мне пляваць. А Ядзьку забяру, такое і права будзе. Не дазваляю ёй як дзядзька са шваллю блытацца, і канец. Такое маё права.

Адзін з сябрукоў Ісая — таксама скандаліст — пачаў пад’юджваць дружбака, хочучы падражніць ягоныя амбіцыі і выкінуць нумар.

— Ой, не атрымаецца, — сказаў ён з чутным сумневам, — кароткія завароткі. Яшчэ па башцэ атрымаеш…

Ісай запаліўся.

— А вось зраблю! Мне толькі захацець.

— Не будзеш ты так рызыкаваць, бо можаш нагамі накрыцца.

— Плявузгаеш, хрэн табе ў вочы, — раззлаваўся Ісай.

— Ты не кідайся, — адказаў дружбак. — Я табе па-добраму кажу. Там жа фірмовыя злодзеі гуляюць.

— Фірмова яны толькі паветра псуюць, — кіпеў Ісай. — Вялікі парад — злодзеі! І я злодзей. Пяць разоў у кічы сядзеў. Хутчэй у іх лыткі затрасуцца, чымся ў мне. Я ні перад кім не здрэйфлю.

— Ну ты і штукар! — паблажліва сказаў дружбак.

— А я вось пайду і Ядзьку забяру! — усё больш разгараўся Ісай, куляючы чарговую паўшклянку.

Праз пэўны час, ужо добра п’яны, ён устаў і ўрачыста прамовіў прыяцелям:

— Вы тут пачакайце, а я зараз туды пайду і Ядзьку забяру. Вам яе пакажу, пасля да мамкі адвяду. Хай ёй скуру злупяць, што са злодзеямі п’е.

І Ісай упэўненым крокам, з напышлівай мінай, выйшаў з хаты.

— Ну і натаўкуць яму ў каршэнь! — сказаў адзін з рэшты хуліганаў.

— А хай не казырыцца, — заўважыў другі. — Атрымае ў косці, і добра. Не будзе такім гарлапанам.

Як відаць, сябрукі не надта клапаціліся пра свайго важака. Пілі далей і пакеплівалі з гетмана.

Тым часам прыём у Кацярыны Сперды працягваўся. Госці былі разахвочаныя, але не п’яныя. Часу было яшчэ досыць, таму напоямі і прысмакамі частаваліся не спяшаючыся. Некаторыя госці падмянялі месцы згодна з упадабаннямі. Філіп Лысы апынуўся (да вялікага жалю Касі) поруч з Ядзяй Рудой і сыпаў ёй выкшталцоныя кампліменты. Ясь сеў на месца Пецькі Быка бліжэй да Афрыканкі.

Колькі разоў уздымаліся тосты: «За гаспадынь!» «За жанчын!». Чэсік Свабода ў пэўны момант вырваўся са сваім тостам, устаў і ўрачыста прамовіў:

— Жыве трэці інтэрнацыянал!

Усе здзіўлена глядзелі на яго. І не ўсе зразумелі, пра што вядзецца. А Залаты Зуб сур’ёзна заявіў:

— Не трэба пужацца, прашу вас. Звычайна ён спакойны. Гэта яму гарэлка ў мозгі ўдарыла. Пачатак белай гарачкі.

— Чырвонай… — кінуў Жаба.

Але Чэсік Свабода не сумяўся ад такой рэакцыі на свой тост і пачаў тлумачыць:

— Мы як люмпен-пралетарыі…

— Цьху! Глядзі, не падавіся гэтым выразам, — сказаў Мангол.

— …павінны з асаблівай удзячнасцю ставіцца да Леніна і Троцкага… Яны дадуць нам магчымасць…

Янка Залаты Зуб устаў і, пераймаючы Чэсікаў пафас, пачаў яшчэ гучней працягваць ягоную прамову:

— ….жэрці сечку, сядзець у турме, замест адзення насіць транспаранты і штандары!