Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 52

Сергей Песецкий

На Камароўцы Ісай меў шырокія магчымасці праявіць сябе. Сабраў вакол сябе шмат сябрукоў і гойсаў у іх таварыстве, атручваючы іншым жыццё. Яны абкрадалі гарышчы, прыбудоўкі. Кралі коз, курэй, нават бульбу са склепаў. Акрамя гэтага, яны тэрарызавалі дробных злодзеяў (пераважна паточнікаў) і бралі даніну з іх работы.

Амаль штодзённа Ісай уздымаў дзесьці бойку. Нават і без нагоды. Сябе ён не бярог, таму трапіць пад раздачу не баяўся. Ён паўсюль шукаў звады і скандаліў. Але калі загадзя адчуваў, што прайграе, то прыдзірак пазбягаў. Найлепшых злодзеяў таксама не чапаў, бо ведаў, што такі не дасць сябе зневажаць і, нават калі будзе нашмат слабейшы, адрэагуе нажом, а то і рэвальверам.

Год таму ў Ісая на Камароўцы быў канкурэнт. Гэта таксама быў хуліган, старавер Казьма Вялікі, пасля многіх непрыемнасцей выгнаны з дому бацькамі. Казьма саступаў Ісаю ў сіле, але ўмеў добра біцца на кулаках. Пасля першай бойкі з ім — калі іх урэшце разнялі сябры — акрываўлены Ісай вырашыў адпомсціць. Ён завітаў да Казьмы з гарэлкай і сказаў так:

— Нас тут двое… Мы свае хлопцы… Нашто нам грызціся… Абодвум месца і фраераў хопіць… Хіба не? Вып’ем во, на згоду… Можа, яшчэ адзін аднаму прыдадзімся…

Казьма быў легкаверны і не адчуў падступства. Ісай наліў шклянку гарэлкі і ўрачыста прамовіў:

— За цябе, братка!… За згоду!

Казьма хітнуў галавой. Ісай выпіў гарэлку і напоўніў шклянку да краёў.

— Трымай, братка! Куляй на здароўе!

А калі Казьма, седзячы за сталом, паднёс да вуснаў шклянку і пачаў піць, Ісай устаў і з усяе сілы страшным ударам убіў яму шклянку і аскепкі шкла ў нос, губы, дзясны і рот. Пырснула кроў. Казьма глуха застагнаў.

А Ісай загадзя падрыхтаванай кілаграмовай гірай, замацаванай на рамяні, пачаў наносіць яму раз’юшаныя ўдары. Казьма ўпаў на падлогу.

Ісай біў, намагаючыся як найбольш скалечыць яго. І Казьму забралі ў шпіталь. Твар і рот у яго былі страшна знявечаныя, зубы выбіты, пераламаныя рэбры і рукі. Яго доўга складвалі, зашывалі, цыравалі і лячылі. Урэшце ён выйшаў са шпіталя, але кепска валодаючы правай рукой і кульгаючы.

Так Ісай пазбыўся канкурэнта.

Цяпер ён са сваім штабам сядзеў у Чорнай Ханы і піў. У галаве ў яго ўжо круцілася, калі хтось з кампаніі пачаў распавядаць пра прыём у Кацярыны Сперды.

— Чаго там толькі няма!.. І печанае, і смажанае, і варанае, і марынаванае… А гарэлкі — плаваць можна!

— І ў нас хапае! — надзьмуўся Ісай.

— Хапае, алё гэта не тое. Там гэныя розныя прысмакі і ромы найдаражэйшыя.

— А хто там ёсць? — спытаў Ісай.

— Адныя найлепшыя злодзеі… Ну, і нашых дзяўчынак колькі: абедзве Афрыканкі, Ландыш і там тая Ядзька Рудая. Кожнаму гонар у такім таварыстве бавіцца.