Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 55

Сергей Песецкий

Ісай падняўся з зямлі і хутка выйшаў на вуліцу. Пецька Бык выйшаў за ім. Было зусім светла, таму пры святле месяца ён бачыў, як Ісай таропка сыходзіць. Тады Бык вярнуўся ў кватэру.

— Што гэта за гарлапан? — спытаў Жаба. — Злодзей ці фраер?

— Такі сабе люй, — сказаў Філіп. — У коней сняданкі крадзе.

— У кічы сядзеў?

— Сядзеў раз за балею, раз за мяшок аўса…

Адгукнуўся Моркаўка:

— Гэта такі варуга, што на сметнік «скокае», а шухерны яго крысом прыкрывае.

— Але здаровы, як конь, — дадаў Мангол.

Кася была абураная і доўга не магла супакоіцца. Ну, заваліўся, халера! Як казёл у агарод!

— І атрымаў, як казёл, — сказаў Свабода. — Пры сацыялістычным ладзе такіх тыпаў сярод нас не будзе.

Жаба крыва ўсміхнуўся:

— Так. Кіраваць будуць чрэзвычайкі. Толькі тады яны выплывуць.

Перапыненая забава гладка пайшла далей. Настрой ані ў кога не сапсаваўся. Толькі Філіпу непрыемна было згадваць намёкі на ягоную лысіну.

Тым часам Ісай гнаў, што шалёны, па Камароўцы, па Лагойскім і Барысаўскім тракце. З учорашняга крадзяжу ў яго засталося яшчэ шмат грошай, і цяпер ён валодаў саліднай сумай.

Сябрукоў сваіх ён застаў абсалютна п’янымі. Ісай сказаў, што спердаўскія злодзеі зневажалі іх усіх і пагражалі ім. Гетман заклікаў помсціць. Горача прамаўляў. Наймацней хіліў да таго, што злодзеі баламуцяць дзяўчат з іх раёна. І гэта — разам з алкаголем — падзейнічала пераканаўча. Чацвёра Ісаевых сябрукоў вырашылі не даваць сябе ў крыўду. Узброеныя многімі літрамі гарэлкі на кожнага і клятвай, што пасля расправы з ворагамі яны вып’юць яшчэ, камароўскія хуліганы рушылі ў прадмесце вербаваць за гарэлку сваіх давераных дружбакоў, каб помсціць за зняважаную годнасць раёна. Дамовіліся, што разам з завербаванымі ўсе сустрэнуцца ў Бондараўскім завулку. Хуліганы ахвотна рушылі збіраць баявыя групы.

Праз гадзіну Бондараўскім завулкам шпацыравала некалькі груп. Чакалі Ісая. Урэшце, ён з’явіўся: потны, расхрыстаны, ужо амаль цвярозы. З ім прыйшло шасцёра. Разам сабралося сямнаццаць камароўскіх хуліганаў. Некаторых не засталі дома. Але палічылі, што і тых, хто ёсць, будзе дастаткова. Тым больш што ўсе мелі кіі і збіраліся застаць гасцей Кацярыны Сперды знянацку.

Ісай павёў сваю банду на ставок непадалёк. Кожны атрымаў па бутэльцы гарэлкі. Усе пачалі піць, закусваючы кавалкамі кілбасы. Пасля Ісай падняўся і, ікаючы, пачаў урачыстую прамову:

— Браты! Вы ведаеце мяне, а я — вас… Ну, нічога… Жывём як жывём, але свае са сваімі… Так ці не?.. А тут раптам улазяць гэтыя хойракі і жыць не даюць… Каб гэта былі свае, камароўскія… А то навалач з усяго свету… усіх дзяўчат збаламуцяць… Нам адныя шлюндры засталіся… Усе лепшыя работы забралі. Так ці не?..

Раздаліся галасы:

— Ну так…

— Правільна з гэтымі ксютамі. За імі не дабярэшся.

— Нашы бабы — для нас…

Ісай вёў далей:

— Заўжды нас зневажаюць… Паўсюль заступаюць дарогу… Ёсць нагода парадак у іх навесці.