Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 50
Сергей Песецкий
Неўзабаве з’явіўся Кулямёт — кароль менскіх даліншчыкаў, у Варшаве празваны «Сячкарняй» за дзіўную манеру гаварыць.
— Пані Кацяры… ну… ну… ві… ві…
— Ой, не напружвайся, — перапыніў яго Янка, — віншую — і канец.
Кулямёт махнуў рукой і засмяяўся.
— Ты лепш не гавары, а заспявай… — параіў яму Мангол.
Кулямёт таксама апынуўся ў тузовым таварыстве каля Касі як яе непераўзыдзены настаўнік кішэнных аперацый.
Найлепш падала сябе Тоська Сарока. Яна прыйшла ў элегантнай вечаровай сукенцы, пашытай — пасля нарады з арыстакратычнай Сабінай — адмыслова для гэтага прыёму. У Сабіны яна пазычыла пару дробязяў з упрыгожанняў, зрабіла ў цырульні элегантную прычоску і была, са сваёй свабодай у паводзінах, добрымі манерамі і прыгожымі выглядам, асобай выключна цікавай. Яны сардэчна расцалаваліся з Касяй. Паважліва і абаяльна Тоська прывіталася з рэштай таварыства і далучылася да тузоў. Ясь ніколі не бачыў Сарокі такой прыгожай, як сёння. «Такую б каханку мець!» — падумаў ён, памятаючы, аднак, што Тоська да хлопцаў не лезе, зрэшты, як жанчына яна была ў не ягоным гусце.
Да Касі падышоў Пецька Бык. Асцярожна, на пальчыках, ён наблізіўся да гурта тузоў, у якім каралявала радасная да чырвані на твары і поту на ілбе, шчаслівая, як ніколі, Кася Залатая Труба.
— Ну, чаго ты?! — гыркнула на Быка каханка.
— Кацярына пытаецца… можа, таго… ужо даваць… Ну? — быццам жаваў шкло Бык.
— Паспееш набрацца! — адрэзала Кася і кінула позірк на суразмоўцаў: «Бачыце, так я яго трымаю!»
Бык зусім збянтэжыўся.
— Як хочаш, — ён і счэз і збарвянеў, — я ж нічога…
— Зрэшты, яшчэ ж не ўсе, — крыху лагодней працадзіла Кася.
— А каго няма? — зацікавіўся Янка Залаты Зуб.
— Філіпа Лысага, — салодка праспявала Кася.
— Не варта чакаць. Гэты заўжды спазняецца, — вынес свой прысуд Жаба.
— У мяне таксама часу няма, — дадаў Мангол.
Пачалі сядаць за стол. Цяпер усе ўважліва прыглядаліся адно да аднаго, асабліва да незнаёмых. Звычайна і мужчыны, і жанчыны найбольш цікавяцца жанчынамі, ацэньваюць іх і вывучаюць. Толькі прырода іх цікаўнасці розная. Мужчына шукае ў жанчыне добрыя якасці, жанчына — недахопы.
Кася, усё больш пацеючы, рассадзіла гасцей. Месцы на чале стала занялі тузы, між імі, быццам дарагія камяні, управілі Касю Залатую Трубу, Тоську Сароку і Ландыш. Падчас рассадкі прыйшла Ядзя Рудая, прывабная дзяўчына з пышнай хваляй медных валасоў і прыгожым колерам скуры. Яе пасадзілі поруч з Янкам Залатым Зубам. Ясь апынуўся паміж Моркаўкам і Пецькам Быком.
Калі госці ўжо сядзелі за сталом і налілі па першым кілішку, дзверы адчыніліся і ў пакой урачыста ўвайшоў Філіп Лысы. Ён быў у вечаровым строі, бліскучы, далікатна пахучы, паголены да ззяння майстар фарсавання. Зладзейскі арыстакрат, хадзячая злачынная знакамітасць.