Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 40

Сергей Песецкий

Калі кіт дасталі, Казік нажом паадгібаў цвікі, прытрымліваючы шыбу, і дастаў яе з рамы. Нейкі момант ён прыслухоўваўся. Унутры было ціха. Тады Казік засунуў руку ў сярэдзіну і паволі, другой рукой прыціскаючы раму, адкруціў засаўку і адчыніў акно. Адставіў з падаконня некалькі гаршкоў з кветкамі.

Кароткая бліскавіца ліхтарыка прайшла праз рассунутыя фіранкі і пераканала злодзея, што ўсё ідзе добра. Тым часам Ясь зняў чаравікі і паставіў іх на лавачцы ля акна.

— Можна… — шапнуў яму Казік.

Ясь ціха ўлез на падаконне і спусціўся ў пакой. Ён адсунуў фіранкі ўбок. У пакоі панаваў паўзмрок. Толькі адзін кут быў крыху яснейшы ад святла, што наўскос падала ад вулічнага ліхтара.

Колькі разоў Ясь асвяціў вузкімі палоскамі ліхтарыка пакой. Знайшоў адзежную шафу. Ціха наблізіўся да яе і адамкнуў дзверцы. Знайшоў злева валізку.

Менавіта яна і была яму патрэбная. Там было яшчэ шмат сукенак, футры, палітоны. Але ён больш нічога не ўзяў. Дамова была такая: барахла не браць. Здавалася, Ясь не хадзіў, а плыў па пакоі.

Валізачку ён аднёс да акна і перадаў Казіку. Пасля вярнуўся ў пакой і агледзеў шуфляды камоды. Урэшце, ён наблізіўся да ложка. Вузкая паласа ліхтарыка асвятліла жанчыну: гаспадыня кватэры спала. Ясь убачыў руку пад галавой і нахілены ўлева твар. Вусны былі злёгку адкрытыя. Вочы заплюшчаныя. У паветры лунаў далікатны пах парфумы. Ясь доўга глядзеў на жанчыну. Яму хацелася нахіліцца і пацалаваць яе. Было дзіўна, раздражняльна і прыкра, што яны крадуць у яе… Ён адчуў агіду да сябе… Пачаў спяшацца. Забраў з начнога століка торбачку, узяў гадзіннік, але праз момант паклаў яго на месца. Высунуў шуфлядку, але не знайшоў у ёй нічога каштоўнага.

І раптам ён адчуў: побач штосьці змянілася. Ён перакінуў палоску святла ўправа і ўбачыў шырока расплюшчаныя, цёмныя, напалоханыя вочы. Павекі адразу ж прымружыліся. Жанчына прыкінулася, што спіць. Яна не памяняла позы, не варухнулася. Толькі Ясь заўважыў, што коўдра ў тым месцы, дзе павінны былі быць падціснутыя калені, быццам бы дрыжыць.

Некаторы час Ясь стаяў нерухома каля ложка, пасля пачаў адступаць да акна. Вылез з пакоя і надзеў чаравікі. Пасля разам з Казікам хутка выйшаў на вуліцу. Ніхто не крычаў, ніхто за імі не гнаўся.

На Казікавай маліне супольнікі агледзелі крадзеныя рэчы. У торбачцы было крыху гатоўкі, дакументы, лісты і жаночыя дробязі. Але разлічвалі не на гэта. Справа была ў валізачцы.

Працавалі па наводцы. Ахвяра — знакамітая аперэтачная артыстка, якая грала раней у вялікіх гарадах Расеі, а цяпер выступала ў летнім тэатры «Рэнесанс». Казіку перадалі, што акцёрка мае ўпрыгожанні вялізнай вартасці, якія надзявае на сцэне і якія носіць з сабою ў валізачцы. Інфармацыя была вельмі дакладная і мела ўсе рысы праўдападабенства. Казік дамовіўся з Ясем, і яны супольна зрабілі «шніф».

У валізцы была пара бялізны класу люкс, дзве пары газавых панчох, цялеснае трыко, блакітны шаль, некалькі насовачак, памады, станік і чатыры скрынкі з упрыгожаннямі. Да таго ж два калье, бранзалеты, завушніцы і медальён. Ясь і Казік адразу зарыентаваліся, што гэта толькі імітацыя дарагіх камянёў. Нават золата было несапраўдным.