Читать «ГЛЯНУ Я Ў АКОНЦА...» онлайн - страница 36

Сергей Песецкий

— Ведаеш што, каханы мой, мы цяпер шмат зарабляем. Грошай на ўсё хапае і яшчэ застаецца. Купляй золата. Невядома, што там далей будзе. Можа, змены якія. А залатыя грошы заўжды сваю цану маюць.

— Дзве дзясяткі я ўжо маю, — сказаў Баран і паказаў Паўлінцы залатыя манеты.

— Толькі ты добра хавай, каб не згубіліся.

— Не бойся, — адказаў Алік, — я ж не фраер.

Паўлінцы гэта не вельмі спадабалася. Яна хацела б ведаць, дзе каханак хавае грошы, але распытваць пабойвалася, каб ён не запасочыў яе ў карыслівасці.

Аднойчы да Аліка завітаў у госці Федзя Гусар. Гэта быў брат славутага ў цэнтральнай Расеі бандыта, пра якога хадзілі легенды. Пасля рэвалюцыі Гусар пайшоў братавай сцежкай. Той стаў бандытам у выніку спрэчкі з кіраўніцтвам і жадання адпомсціць. Гэты застаўся ў галечы пасля рэвалюцыі, а паколькі быў вельмі смелы і спрытны, стаў акулай і наводзіў жах на паліцыю некалькіх ваяводстваў. Урэшце, у асаблівай небяспецы Федзя даў драпака ў Вільню і тут знайшоў некалькі сваіх маскоўскіх калег. Праз іх ён адразу ж пазнаёміўся з рэштай зладзейскай арыстакратыі Менска.

Баран і Гусар доўга раіліся над здаўна запланаванай работай, за якую Федзя Гусар узяўся адразу ж пасля прыезду ў Менск. Гэта была гранда, або — як выражаўся Федзя — стопка. Гэта значыць, разбойны напад. Баран, як кваліфікаваны стары злодзей, вельмі неахвотна ішоў на гранду. Наогул, злодзеі-спецыялісты не любяць такога кшталту спраў. Маўляў, «нічога тут складанага няма, фраерам руляй пад насы тыцкаць і форсу трэсці. Гэта любы хамуйла зможа. Ты яму пыл у вочы пусці і так нагрэй, каб ён сам нічога не заўважыў».

У гэтай непрыхільнасці прафесійных злодзеяў да разбойных нападаў вялікую ролю грае звычайны разлік. Калі трапіцца на крадзяжы, прысуд не будзе занадта вялікім. А вось засыпаешся на грандзе — і пакаранне можа быць вельмі суворае… Удзел прафесійных злодзеяў у разбойных нападах мінімальны. Большасць з іх у нармальныя часы наогул такога віду работы не прызнае. Пераважна гэта сфера дзейнасці людзей, выпадкова збітых з панталыку, яны пачынаюць напады ў роспачы, а працягваюць, не маючы дарогі назад (калі іх выкрываюць), і так і ідуць гэтай сцежкай… да смерці або да здрады і шматгадовай турмы.

Напад планавалі зрабіць на кватэру багатага ўладальніка фабрыкі малочных прадуктаў і некалькіх спецыялізаваных крамаў. Пасля падрабязнага вывучэння тэрыторыі і складання плана, было прынята рашэнне, што для работы будзе дастаткова пяці чалавек. Паўдзельнічаць прапанавалі і Ясю. Гусар зморшчыўся: «Замалады!» Але Баран сказаў: «Я яго добра ведаю. Супольнік. Не горшы за цябе або мяне будзе». Ясь ахвотна пагадзіўся. Канакрад Малыш і яго калега Рулет, якія мелі зброю, замыкалі пяцёрку. Для Яся Алік назаўтра набыў бельгійскі браўнінг. У яго самога быў наган. Ён не давяраў аўтаматычнай зброі.

Праз два дні, цёмным вечарам, уся пяцёрка шпацыравала вуліцай паблізу месца планаванага нападу. Яны былі тут ужо даўно, але работы не пачыналі. Утварылася перашкода: па іншым баку вуліцы, амаль адначасова з імі, з’явіліся дзве групкі людзей па трое, яны праходжваліся туды-сюды. Было так цёмна, што іх фігуры ледзь можна было адрозніць.