Читать «Гары Потэр і патаемная зала» онлайн - страница 7
Джаан Роўлінг
— А ці яны ведаюць, што ты тут?— зацікаўлена спытаўся Гары.
Добі ўздрыгануўся.
— Вой, не, сэр, не... Добі прыйдзецца пасля пакараць сябе асабліва цяжка, за тое што прыйшоў да вас, сэр. Добі прыйдзецца прышчаміць сабе вушы засланкай. Калі б яны даведаліся, сэр...
— А яны не заўважаць, што ты прышчаміў сабе вушы?
— Добі сумняваецца ў гэтым, сэр. Добі ўвесь час прыходзіцца караць сябе за што-небудзь, сэр. Гаспадары дазваляюць яму гэта рабіць. А часам, нават загадваюць пакараць сябе дадаткова...
— Але чаму ты не сыйшоў ад іх? Чаму не ўцёк?
— Хатняму эльфу павінны даць свабоду, сэр. Але сям’я ніколі не адпусціць Добі...Добі будзе служыць сям’і пакуль жывы, сэр...
Гары здзіўлена вытарапіўся на эльфа.
— Я думаў, што найгоршае становішча ў жыцці, тое ў якім я буду яшчэ чатыры тыдні, — прамовіў ён. — Дурсі ў параўнанні з тваімі гаспадарамі паводзяць сябе па-чалавецку. А ці можна цябе неяк дапамагчы? Можа я паспрабую гэта зрабіць?
Гары імгненна пашкадаваў аб сваёй прапанове. Добі ізноў удзячна залямантаваў.
— Калі ласка, — у адчаі прашапатаў хлопчык, — калі ласка цішэй. Калі Дурсі цябе пачуюць, калі даведаюцца, што ты тут...
— Гары Потэр пытаецца, чым ён можа дапамагчы Добі... Добі чуў аб вашай велічы, сэр, але Добі ані ня ведаў аб вашай велікадушнасці...
— Усё што ты чуў аб маёй велічы, лухцень, — адказаў Гары, адчуваючы як палае яго твар.-Я нават не першы сярод сваіх аднагодак, вось Герміёна...
Але ён адразу ж супыніўся, бо ўспамін аб Герміёне прынёс яму толькі боль.
— Гары Потэр яшчэ і сціплы ды ціхмяны, — з пачцівасцю прамовіў Добі, яго агромістыя лупатыя вочы ажно зазіхацелі. — Гары Потэр нават анічога не кажа аб сваёй перамозе над тым, Чыё Імя Нельга Называць.
— Ты аб Вальдэморце?— спытаўся хлопчык.
— Ай, не вымаўляйце яго імя, сэр!— прыстукваючы свае кажанападобныя вушы, застагнаў Добі. — Ня трэба вымаўляць яго імя!
— Прабач, — хутка прамовіў Гары. — Я ведаю шмат людзей, якія ня любяць, калі я гэта раблю... мой сябра Рон...
Хлопчык зноў супыніўся. Успамін аб Роне таксама прынёс яму боль.
Добі нахіліўся да Гары, яго вочы зрабіліся падобнымі на фары.
— Добі чуў аб гэтым. — сіпата заявіў эльф. — Чуў, што колькі тыдняў таму, Гары Потэр зноў сустрэўся з Цёмным Лордам... І што ў Гары Потэра ЗНОЎ атрымалася пазбегнуць небяспекі.
Гары кіўнуў у адказ, вочы эльфа заблішчэлі ад слёз.
— Вох, сэр, — цяжка дыхаючы і выціраючы вочы кутком навалчкі, якая служыла яму вопрадкай, прамовіў Добі. — Гары Потэр адважны і мужны чалавек. Ён выкруціўся ўжо са столькіх небяспек! Але Добі прыйшоў, каб абараніць яго, папярэдзіць яго аб небяспецы, нават калі потым яму прыйдзецца зашчаміць свае вушы засланкай... ГАРЫ ПОТЭРУ НЯ ТРЭБА ВЯРТАЦЦА Ў ХОГВАРТС.
Запанавала цішыня, перапыняемая толькі стукам нажоў і відэльцаў на першым паверсе і гудам голаса дзядзькі Вернана.
— Ч-чаго?— заікаючыся прамармытаў Гары. — Але я павінен туды вярнуцца... першага верасня пачынаюцца заняткі. Толькі гэта падтрымлівае мяне ў глуздзе. Ты ня ведаеш, як мне тут цяжка. Мне няма ТУТ месца. Я прыналежу да таго свету... дзе Хогвартс.