Читать «Гары Потэр і патаемная зала» онлайн
Джаан Роўлінг
Дж. К. Роўлінг
Гары Потэр і патаемная зала
Для Шона П. Ф. Харыса,
за найхуткасную язду і сяброўскае плячо ў цяжкую хвіліну
РАЗДЗЕЛ І
Найжахлівейшы дзень нараджэння
У чарговы раз, падчас сняданку, за сталом у доме нумар чатыры на вуліцы Прайвет Драйв успыхнула сварка. І ўсё з-за таго, што містэр Вернан Дурслі быў пабуджаны на золку гучным вухканнем, што даносілася з пакою яго пляменніка Гары.
— Трэці раз за тыдзень!— гучна прароў ён пляменніку праз стол. — Калі ты не ў стане кантраляваць сваю саву, няхай яна прыбіраецца з маёй хаты!
Гары ў чарговы раз паспрабаваў растлумачыць дзядзьку ў чым справа.
— Ёй СУМНА, — адказаў ён. — Яна прызвычалася да таго, што можа лятаць знадворку. Калі я хаця б мог выпускаць яе па начах на шпацыр...
— Я што, падобны на ідыёта?— гыркнуў дзядзька Вернан, на доўгіх вусах якога болталіся рэшткі яечні. — Я ведаю, што будзе, калі ты выпусціш яе вонкі.
Ён ваўкавата перазірнуўся са сваёй жонкай Пятуньяй.
Гары паспрабаваў растлумачыць яшчэ раз, але яго словы патанулі за доўгай гучнай адрыжкай Дадлі, сына містэра і місіс Дурслі.
— Я хачу яшчэ бекона.
— На патэльні ёсць яшчэ, саладзенькі мой. — зірнуўшы на свайго буйнога сына цмянымі вачыма, адказала цётка Пятунья. — Нам трэба падкарміць цябе, пакуль у нас ёсць такая магчымасць... Нешта мне не надта падабаецца ваша школьнае харчаванне...
— Глупства кажаш, Пятунья, — палка прамовіць дзядзька. — Калі я вучыўся ў Смелцінгсе, я ніколі не галадаў. Цябе ж там добра кормяць, сын?
Дадлі, бакі якога звісалі з крэсла, усміхнуўся і павярнуўся да Гары.
— Перадай мне патэльню.
— А чароўнае слова?— раздражнённа прамовіў той.
Звычайныя гарыны словы прывялі да найнезвычайнейшых наступстваў: Дадлі вохнуўшы паваліўся з крэсла, ад чаго па ўсёй кухне ажно загрукатала; місіс Дурслі ўскрыкнуўшы, заціснула далонямі рот; а містэр Дурслі ўскочыў на ногі, вены на яго скронях пульсавалі ад злосці.
— Я меў на ўвазе “калі ласка”!— хутка вымавіў Гары. — Я нічога не...
— Я КОЛЬКІ РАЗ ПАПЯРЭДЖВАЎ ЦЯБЕ, — брызгаючы сліной над сталом, прагрукатаў дзядзька, — НЕ ЎЗГАДВАЦЬ У МАЁЙ ХАЦЕ СЛОВА НА ЛІТАРУ “Ч”?
— Але я...
— ЯК ТЫ АСМЕЛІЎСЯ ПАГРАЖАЦЬ ДАДЛІ?— бухаючы кулаком па стале, працягваў равець містэр Дурслі.
— Я ж толькі...
— Я КОЛЬКІ РАЗОЎ КАЗАЎ ЦЯБЕ! Я НЕ БУДУ ЦЯРПЕЦЬ ПАД СВАІМ ДАХАМ, УЗГАДАК АБ ТВАЁЙ НЕНАРМАЛЁВАСЦІ!
Хлопчык зірнуў на пурпуровы ад злосці дзядзькаў твар, потым на збляднелую цётку, якая намагалася дапамагчы Дадлі падняцца на ногі.
— Ну, добра, — адказаў Гары, — добра...
Дядзька Вернан, дыхаючы, як той запыхаўшыйся насарог, сеў на сваё месца, скоса працягваючы паглядаць на Гары сваімі калючымі вочкамі.
З таго самага моманту, калі Гары вярнуўся дадому на летнія вакацыі, дзядзька ставіўся да яго, бы да бомбы, якая ў любы момант можа выбухнуць, таму што лічыў Гары НЕ НАРМАЛЁВЫМ хлопцам.
Звычайным хлопцам ён на самой справе і не з’яўляўся. Гары Потэр быў чараўніком — маладым чараўніком, які толькі што скончыў свой першы год навучэння ў Хогвартсе — Школе чарадзейства і вядзмарства. І, калі Дурслі не надта былі задаволены яго вяртаннем на вакацыі, гэта было нішто ў параўнанні з тым, што адчуваў сам Гары.