Читать «Гары Потэр і патаемная зала» онлайн - страница 2

Джаан Роўлінг

Ён да болі ў грудзях сумаваў аб сваёй школе. Сумаваў па замку, поўным сакрэтных праходаў і прывідаў; сумаваў па занятках (хаця магчыма не надта сумаваў па Снэйпу, які выкладаў зеллеварства); сумаваў па паштоўках, якія ў школу прыносілі совы, па ежы на банкетах у галоўнай зале, сумаваў па ложку з балдахінам, які знаходзіўся ў вежы, якую займаў яго Дом; па візітах да ўскрайку Забароненага леса, дзе ў сваёй халупе жыў брамнік Хагрыд. Але больш за ўсё ён сумаваў па квідытчу — найпапулярнейшай у чарадзейскім свеце спартовай гульне з яе шасцю коламі варот, чатырма лятаючымі мячамі і чатырнаццацю гульцамі на мётлах.

Усе гарыны падручнікі з замовамі, чароўную палачку, мантыю, кацёл і першакласную мятлу Німбус 2000, дзядзька Вернана, як толькі яны прыехалі да хаты, запёр у каморы пад лесвіцай. Што Дурслі было да таго, што калі ён ня будзе практыкавацца, яго выкінуць з дамовай квідытчнай каманды. Ці іх цікавіла, што адбудзецца з Гары, калі ён прыедзе да школы не выканаўшы заданне на лета? Дурслі былі тымі, каго чараўнікі называюць магламі — людзьмі без наймаленечкай кропелькі магіі ў крыві і дзеля іх было найвялікшым сорамам мець у сваёй сям’і чараўніка. Дзядзька нават навесіў на клетку з гарынай савой Хэдвіг, вялізны замок, каб хлопчык ня меў стасункаў з астатнім чарадзейскім светам.

Гары анічым не нагадваў астатніх чальцоў сваёй сям’і. Дзядзька Вернан быў буйным, бязшыім і меў найвялізныя чорныя вусішчы; цётка Пятунья была кашчавай і мела канячы твар, а іх сын Дадлі быў светлавалосым, ружоватварым і вельмі тоўстым хлопчыкам. Гары ж быў маленькім і хударлявым, з бліскучымі зялёнымі вачыма і смалява-чорным, заўжды неахайным, валоссем. Ён насіў круглыя акўляры, а на ілбе меў танюткі, маланкападобны шнар.

Гэты шнар і рабіў Гары найнезвычайнейшым, нават у чарадзейскім свеце. Ён быў адзіным сведкам той таямнічай гісторыі, пасля якой хлопчык і апынуўся адзінаццаць год таму на ганку дурслеўскага дому.

Калі Гары быў толькі год, ён застаўся жыць, пасля таго, як Лорд Вальдэморт, найжахлівейшы з цёмных ведзьмакоў усіх часоў, імя якога дагэтуль баяцца вымаўляць большасць з чараўнікоў і вядзьмарак, атакаваў яго сваім праклёнам. Падчас гэтага нападу гарыны бацькі загінулі, аднак, калі Вальдэморт паспрабаваў забіць хлопчыка, аніхто ня ведае чаму, ён страціў усю сваю моц і знік, пакінуўшы маланкападобны шнар ад праклёна на гарыным ілбе.

Вось таму Гары і быў выхаваны сястрой яго маці — цёткай Пятуньей і яе мужам. Дзесяць год ён пражыў у дурслеўскім доме, не разумеючы, чаму сам таго не жадаючы робіць разнастайныя дзівосныя рэчы і ўпэўнены, што свой шнар ён атрымаў падчас аўтакатастрофы ў якой загінулі яго бацькі.

Аднак, год таму, Гары атрымаў ліст з Хогвартса і даведаўся аб тым, што адбылося на самой справе. Пасля чаго, хлопчык апынуўся ў чарадзейскай школе, дзе ён і яго шнар былі вельмі знакамітымі... але цяпер заняткі ў школе скончыліся і Гары быў вымушаны вярнуцца да Дурслі, якія ставіліся да хлопчыка, як да сабакі, які выкачаўся ў нечым смярдзючым.