Читать «Вяроўка (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Кабеты ўжо паставiлi вялiзныя кашы ў нагах i чакалi пакупнiкоў, дастаўшы птушак, якiя ляжалi са звязанымi крыламi i лапамi на зямлi i з жахам глядзелi вакол, трасучы ярка-чырвонымi грабянямi.

Сялянкi слухалi даваную цану, суха адмаўлялi i з непахiсным выглядам настойвалi на сваёй цi наадварот - раптам згаджалiся i крычалi наўздагон свайму пакупнiку, якi ўжо паволi пачынаў адыходзiць:

- Добра, пане Анцiму. Бярыце, я згодная.

З часам пляц патроху пачаў пусцець, i апоўднi, калi, запрашаючы на малiтву, прабiлi званы, тыя, каму да хаты было далёка, паразыходзiлiся па корчмах.

У шынку ў Журдэна вялiкая зала была поўная едакоў, а на панадворку было поўна ўсякiх павозак: тут стаялi падводы, брычкi, таратайкi, кабрыялеты, вазочкi з нiкому не вядомымi назвамi, запэцканыя жоўтай граззю, пакрыўленыя, з падобнымi на дзве рукi паднятымi ў неба аглоблямi цi наадварот - носам уторкнутыя ў зямлю i з паднятым дагары задам.

Акурат насупраць сталоў з едакамi гарэў вялiкi камiн. Яго зыркае полымя аблiвала жарам спiны тых, хто сядзеў справа. Над агнём на трох ражнах смажылiся куры, галубы, барановыя сцегнякi; далiкатны водар смажанiны i мяснога соку, якi сцякаў па падпечанай румянай скурцы, надаваў усiм весялосцi, гнаў асцу.

Уся знаць ад плуга абедала тут, у Журдэна, спрытнага i хiтрага шынкара, у якога заўсёды вялiся грошы.

Стравы мянялiся i знiкалi адна за адной, як i збаны жоўтага сiдру. Кожны гаманiў пра сваё, пра тое, што набыў цi прадаў. Абменьвалiся думкамi пра ўраджай. На гароднiну надвор'е было добрае, а вось на збажыну, бадай, крыху волкае.

Раптам на двары загрукатаў бубен. Усе, акрамя некалькiх нецiкаўных, адразу паўскоквалi з-за сталоў i, хто як быў - з поўным ротам, з сурвэткай у руцэ, кiнулiся да вокан i да дзвярэй.

Вяшчальнiк скончыў лупiць у бубен i закрычаў рэзкiм голасам, неўпапад раздзяляючы фразы:

- Даводзiцца да ведама жыхароў Гадэрвiля i наогул усiх - асоб, прысутных на кiрмашы, што сёння ўранку на дарозе ў Бёзвiль памiж дзевятай i дзесятай гадзiнамi быў згублены пулярэс з чорнай скуры, у якiм было пяцьсот франкаў i справовыя паперы. Той, хто знойдзе названы пулярэс, мусiць неадкладна прынесцi яго - у мэрыю цi пану Фарцюнэ Ульбрэку з Манвiля. Таго, хто знайшоў, чакае ўзнагарода на дваццаць франкаў.

Пасля гэтага чалавек пайшоў далей, i здалёк зноў пачулiся барабанны грукат i пацiшэлы крык вяшчальнiка.

Усе пачалi гаманiць пра пачутае здарэнне i меркаваць, удасца цi не пану Ульбрэку атрымаць свой пулярэс.

Тым часам абед скончыўся.

Усе ўжо дапiвалi каву, калi на парозе ўзнiк жандар.

Ён запытаўся:

- Пан Ашкорн з Брэатэ тут?

- Гэта я, - адгукнуўся дзядзька Ашкорн, якi сядзеў з другога краю стала.

Жандар павярнуўся да яго:

- Пане Ашкорн, зрабiце ласку прайсцi са мной у мэрыю. З вамi хоча гутарыць мэр.

Селянiн, здзiўлены i адначасова занепакоены, адным залпам дапiў каву, устаў i, скурчыўшыся яшчэ больш, як ранiцай - бо зрабiць першы крок пасля доўгага спачынку асаблiва цяжка, - рушыў у дарогу, паўтараючы сабе пад нос: