Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 9
Уладзімір Бутрамееў
Яраслаў Мудры клапаціўся і пра адукацыю. Ён сам умеў чытаць і пісаць, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю. Пры ім у Кіеве пачалі перапісваць кнігі, ён стварыў і першае вучылішча, у якім трыста юнакоў набылі пісьменнасць, адкрыў першую на той час бібліятэку, якая месцілася ў царкве. Летапісец, апавядаючы пра яго клопат аб кнігах, напісаў словы, якія сталі славутыя:
— Вялікую карысць маюць людзі ад кнігі. Кнігі настаўляюць і навучаюць, менавіта ад слоў кніжных маем мы мудрасць.
Пры Яраславе Мудрым быў пабудаваны і храм Святой Сафіі, які сваім багаццем і прыгажосцю сапернічаў з цэрквамі Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню абнёс Кіеў каменнымі сценамі са славутаю Залатою Брамаю. Пры Яраславе каля Кіева ўзвялі і першы манастыр — Пячэрскі. Такую назву ён атрымаў таму, што да Яраслава манахі жылі у пячорах, якія капалі пад узгоркамі. Пасля таго як Яраслаў адбудаваў Пячэрскі манастыр, у ім жылі многія вядомыя манахі. Гэты манастыр стаў цэнтрам праваслаўнай рэлігіі ў старажытнай Кіеўскай дзяржаве.
Да Яраслава Мудрага мітрапалітаў — галоўных свяшчэннікаў — прысылалі ў Кіеў з Царграда-Канстанцінопаля. Яраслаў упершыню сам паставіў мітрапаліта — славяніна Іларыёна. Іларыён быў адукаваным чалавекам, пісьменнікам. Ён напісаў вядомае «Слова пра закон і пра ласку божую», якое заканчвалася малітвай у гонар непераможнасці вялікага славянскага народа.
Яраслава Мудрага называлі не проста вялікім князем, а самадзержцам і нават царом. Яго параўноўвалі з візантыйскім імператарам. Пры ім пачалі вырабляць і першыя на ўсходнеславянскіх землях грошы «яраславава серабро».
Дзякуючы поспехам Яраслава Мудрага старажытная Кіеўская дзяржава стала сусветна вядомай. Адну са сваіх дачок Яраслаў аддаў за венгерскага караля, другую — за нарвежскага, а трэцюю, Ганну — за французскага. Яна пасля смерці мужа доўгі час разам з сынам кіравала Францыяй.
Сыны Яраслава пабралі сабе за жонак дачок імператара Візантыі і польскага караля.
Усё гэта сведчыць пра тое, што ў Еўропе паважалі Яраслава і лічылі за гонар парадніцца з ім.
Летапісцы апавядаюць, што паміраў Яраслаў Мудры ў ясным розуме. У апошнюю хвіліну ён загадаў сабрацца ўсім сваім сынам і сказаў ім такія словы:
— Дзеці мае! Вось я пакідаю гэты свет. Любіце адзін аднаго, шануйце і бараніце. Памятайце: усе вы браты. I калі будзеце жыць у любві паміж сабою, Бог будзе за вас і вы пераможаце ўсіх ворагаў. А калі ўзненавідзіце адзін аднаго, пачняце сваркі і бойкі, то загінеце самі і загубіце зямлю бацькоў сваіх і дзядоў сваіх, што дабывалі гэтую зямлю цяжкай і вялікай працай.
А звяртаючыся да свайго старэйшага сына, Яраслаў пакінуў яму такі запавет:
— Калі хто з братоў узніме руку на брата свайго, дапамагай таму, каго крыўдзяць, а не таму, хто мацнейшы.
Яраслава пахавалі ў Сафійскай царкве, у мармуровай труне, якая захавалася да сённяшняга часу.
Звычайна, калі апавядаюць пра гісторыю беларускай зямлі, забываюць расказаць пра Яраслава Мудрага. Ён жа княжыў не ў Полацку, а ў Кіеве. Але ж быў ён сынам полацкай Рагнеды, унукам полацкага Рагвалода! I мы павінны ганарыцца, што менавіта сын Рагнеды здолеў умацаваць старажытную Кіеўскую дзяржаву, даць ёй пісаныя законы. Ганарыцца тым, што дзякуючы намаганням менавіта ўнука Рагвалода старажытная Кіеўская дзяржава набыла тую моц і слыннасць, якія далі ёй магчымасць стаць вялікай славянскай дзяржавай, агульнай гістарычнай радзімай сучасных беларусаў, украінцаў і расіян.