Читать «Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларускай» онлайн - страница 34
Уладзімір Бутрамееў
Сімяон Полацкі
СІМЯОН ПОЛАЦКІ —
На старонках гэтай кнігі мы ўжо не раз сутыкнуліся з тым, што выхадцы з беларускіх зямель мелі ўплыў на суседнія дзяржавы, асабліва Масковію, Расію. Успомнім значэнне для Кіеўскай Русі законаў, што ўпершыню запісаў сын Рагнеды Полацкай Яраслаў Мудры, успомнім творы Кірылы Тураўскага, дзейнасць Ефрасінні Полацкай. Адукацыю і культуру неслі на ўсход жонкі вялікіх князёў маскоўскіх Соф'я Вітаўтаўна і Алена Глінская. Францыск Скарына даў народам усходнеславянскіх зямель друкаваную кнігу.
Нельга забыць і Сімяона Полацкага, які адыграў вельмі важную ролю ў гісторыі Масковіі-Расіі.
Сімяон Полацкі нарадзіўся ў Полацку, у сям'і купца. Доўгі час ён вучыўся ў Кіеве, а потым у Віленскай акадэміі. Яго лічылі адным з самых адукаваных людзей таго часу. Сімяон Полацкі пастрыгся ў манахі і доўгі час працаваў у брацкай школе ў Полацку. Яго ведалі як славутага настаўніка, выкладчыка. Калі пачалася чарговая так званая руска-польская вайна, войскі расійскага цара Аляксея Міхайлавіча захапілі Полацк. Сімяон быў праваслаўны, і ён вітаў гэта. Манах, паэт і настаўнік сустрэўся з царом. Цар запрасіў яго ў Маскву, бо спадзяваўся, што вучоны дапаможа наладзіць адукацыю ў Расіі.
Апынуўшыся ў Маскве, Сімяон Полацкі па загадзе цара ўзначаліў школу, у якой вучыліся будучыя дыпламаты.
У царкоўных справах Сімяон падтрымаў патрыярха Нікана. Калі ў Маскве склікалі вялікі сабор, на якім вырашаліся галоўныя пытанні веры, ён быў там перакладчыкам, бо добра ведаў і грэчаскую і лацінскую мовы. Неўзабаве цар даручыў Сімяону Полацкаму выхаванне сваіх дзяцей. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду наследнікі цара заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр I. Так просты полацкі манах паўплываў на лёс вялікай дзяржавы.
Але Сімяон Полацкі вядомы ў гісторыі не толькі як выхавацель царскіх дзяцей. Ён стаў адным з пачынальнікаў рускай паэзіі. Сімяон быў вядомым паэтам яшчэ ў Полацку. Ён пісаў на лацінскай, польскай, беларускай мовах. У Маскве паэт напісаў па-руску некалькі п'ес для прыдворнага тэатра. Па сутнасці, гэта першыя драматургічныя творы ў рускай літаратуры. Але найбольш праславіўся Сімяон Полацкі як паэт. Зборнікі яго вершаў «Рыфмалагіён, або Вершаслоў» і «Вертаград многакаляровы» паклалі пачатак новай, пасля старажытнага перыяду, рускай літаратуры. Падмурак, што заклаў беларус Сімяон Полацкі, умацуюць Ламаносаў і Дзяржавін, а цудоўны палац на гэтым падмурку збудуе геніяльны Пушкін.
Славутыя магнаты
РАДЗІВІЛ ЮРЫЙ —
РАДЗІВІЛ БАРБАРА —
РАДЗІВІЛ ЯНУШ —