Читать «Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 4
Андрэй Федарэнка
Тут, каля гэтай пахіленай бярозы, дзе ўлетку заўсёды жоўты пясочак і верас, а цяпер — гурба снегу, Антон, калі яго праводзілі ў армію, знайшоў грыб, восеньскі, крамяны, з крэпкім коранем, які ледзь выдраўся з зямлі, — і аддаў Пульсу, што таксама тады праводзіў яго. І як потым у войску ўспаміналася гэтая дарога, бяроза, грыб, — здавалася, нават пах яго чуў — такі ж, якім пахла матчына сумка, калі маці даўно-даўно прыходзіла раніцамі з лесу, з грыбоў, а яны са Сцяпанам, зусім малыя, кідаліся да гэтай сумкі, выцягвалі грыбы, раскладвалі іх па росце на разасланым лайне і нізалі на пруткі-нізкі...
Тут, дзе дарога пачынае спускацца трохі ўніз, перад балотцам, за якім апошняя паваротка на вёску, — тут пры дарозе круглы бугор, бы нейкі пухір выперла з зямлі; тут, калі Васкевіч восеньскім вечарам ішоў на станцыю, каб ехаць у Мінск, на вучобу, Пульс, які і тады падносіў яму сумку, спатыкнуўся, упаў, гэтая ж салдацкая шапка закацілася некуды, яе доўга шукалі, ледзь не спазніліся...
— Помніш, як ты тут упаў? — паказаў на бугор Васкевіч.
— Помню, ёпа-маць, упаў! — вінавата абазваўся Пульс, але было відаць, што наўрад ці помніць — мала дзе на сваім вяку ён папападаў...
Скончыўся лес, і вачам адкрыўся знаёмы малюнак: дзесяткі два хат, паміж хатамі і лесам бялее снегам роўны выган, ля крайняй хаты замест плота пакінуты жывыя хвоі і проста да ствалоў прыбіты дрот... Але вось мінуўся выган, прайшлі паўз гэтыя бязладна раскіданыя «лясныя» хаты, Пульс усцягнуў санкі на вулічную дарогу, шырокую, пачышчаную бульдозерам, ад чаго па баках былі гурбы ледзь не ў чалавечы рост і толькі насупраць веснічак пракапаны былі хады, — пачалася вёска. Ісці трэба было яшчэ кіламетра з паўтара. Недзе калолі дровы, каля студні звінела вядро, пах дыму з комінаў плыў, мяшаўся з пахам свежага снегу... І ўсё адбылося амаль так, як і ўяўляў сабе і перажыў у думках Васкевіч: баба з вёдрамі перайшла ад калодзежа вуліцу і весела павіталася, паглядзела ім з Пульсам услед, Надзін-паштальёнчык прымак Рускі, які перакідваў шуфлем снег з двара на вуліцу, азваўся: «Чё, холостяк! Прибыл?», дзядзька Мікола-ляснік праехаў канём, у санях, і давялося даць яму дарогу, і яшчэ ў адным двары калолі дровы, а нехта проста так выйшаў і стаяў на вуліцы... Васкевічу здавалася, што столькі многа людзей круцяцца ў дварах і на вуліцы толькі таму, каб на яго паглядзець. Ды вось урэшце мост праз рачулку, за якой хата — маленькая, крытая шыферам, вокнамі на вуліцу... Дыму над комінам няма, веснічкі зашчэпленыя і сляды вядуць толькі на вуліцу.