Читать «Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 5

Андрэй Федарэнка

— Купі мне віна, — папрасіў Пульс, калі спыніліся ля хаты і Васкевіч стаў адвязваць сумку. Ён заўсёды прасіў аб гэтым на развітанне.

— Пазней, — адказаў Васкевіч, добра ведаючы, што нікуды сёння не пойдзе і ніякага віна купляць не збіраецца. — Можа, пад вечар сходзім у магазін.

— Добрэ, харашо, буду ждаць!..

II

Кашляючы, Пульс маленькімі бабскімі крокамі пабег са сваімі санкамі далей па вуліцы — ён жыў праз тры хаты; а Васкевіч занёс на цэментавы абмецены ганак сумку, зайшоў за вугал, у дрывотню, пашарыў у вядзерцы пад застрэшшам. Завязаны ў анучку ключ ляжаў на месцы. Значыць, матка чакала яго. Што ж, яна прыйдзе толькі позна ўвечары, яшчэ цэлы дзень наперадзе, каб падрыхтавацца.

Двор быў увесь засыпаны снегам, толькі маленькая, у два сляды сцежачка вяла да свінушніка. Пачуўшы, што ходзяць па двары, падаў голас кабан, і куры пачалі ціха перагаворвацца ў сваёй загарадцы. Вось і работа: расчысці снег, пакармі курэй... Цяпер гэта ўсё тваё.

У хатах, і ў меншай і ў большай, ішла з рота пара, было яшчэ халадней, чым на вуліцы. Антон пачаў пераапранацца, разуўся — нават у тоўстых шкарпэтках, на палавіку, доўга няможна было стаяць. Холад ішоў ад падлогі, з усіх шчылін, а найбольш, здавалася, ад няпаленай грубкі. Дый то: гэтая палавіна вялікая, на чатыры акны, яна ж і спальня — два ложкі паўз глухую сцяну, яна ж і «гасцёўня», «заля», бо тут тры стулы, раскладная канапа і адзіная фанерная шафа, дзе ўвесь матчын скарб. З усіх чатырох акон таксама цягнула холадам, хоць і ўстаўлены падвойныя рамы, і вата паміж імі. Скачучы то на адной, то на другой назе, Антон надзеў спартыўныя байкавыя штаны, нацягнуў світэр, яшчэ школьны, але зусім цэлы, з тоўстай воўны; толькі абуць не было чаго. Палез на печ, убачыў новыя бітыя валёнкі з галёшамі. «Гарадскую» куртку акуратна павесіў у шафу, туды ж склаў кашулі, світэры, пачысціў анучкаю чаравікі і запіхнуў пад ложак. Вось і ўся кансервацыя. Вяртанне да таго, з чаго выйшаў, адкуль так імкнуўся вырвацца.

«Нічога, не прападу!»

Стол у куце, абраз Святога Міколы, завешаны доўгай, да падлогі гардзінаю, тэлевізар, прыкрыты квятастым пакрывалам, збоку на стале — квадратнае люстэрка, абтырканае па краях віншавальнымі адкрыткамі... Васкевіч паглядзеўся ў яго, прычасаўся. Чорны світэр пасаваў да светлага твару, белых кароткіх валасоў. Васкевіч спадабаўся сабе — і знешне, і, галоўнае, сваім становішчам: што вось ён, «выгнаннік», «пакутнік за ідэю», сядзіць тут, у глухой вёсцы, няпаленай хаце, і наперадзе — пуста, ніякай пэўнасці. «Нічога, не прападу», — паўтарыў ён у думках камусьці, хто нібыта якраз дабіваўся і вось урэшце дабіўся, каб ён, Антон Васкевіч, прыехаў у глухамань, абуўся ў бітыя валёнкі і згінуў тут назаўсёды без следу.