Читать «Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 128

Андрэй Федарэнка

Не можа быць! Ні ўлада, ні бог не дапусцяць такой пагібелі!..

Апускаецца перад сватам на калені.

Пагібелі… Свет перавернецца…

Сват пералазіць праз агароджу. Зноў грукочуць у вароты. Аўдзей страляе сем разоў у вароты. Усё змаўкае. На ганак выходзіць Варвара з лямпай у руках, падымае лямпу над галавой, следам за ёй на ганак збіраецца ўся сям’я. Вароты разломваюць, уваходзяць некалькі чалавек, упаўнаважаны з раёна. Аўдзей стаіць, быццам п’яны. Аўдзею скручваюць рукі. Выскаквае Андрэй, хапае вілы, але ў яго іх адбіраюць. Аўдзей робіць некалькі крокаў уперад, рукі за спіною ў яго падняты высока ўгару, сам ён нахіліўся ўперад, і крычыць, завывае нечалавечым голасам. З ганка сыходзіць жабрак, праходзіць міма ўсіх праз усю сцэну. Сярод прысутных і Сёмка, які дапамагаў мужыку прадаваць малатарню.

Другі мужык. Ай да Аўдзей Усцінавіч! Галава, кажаш, грош цана, капейка? Ай да Аўдзей Усцінавіч! Хе-хе-хе…

Жабрак. Госпадзі! Што людзям трэба! Акрайчык хлеба, ды каб цяпло, ды каб не гналі. Госпадзі! Што людзям трэба! Госпадзі! Але і з чужога не пабагацееш, ох не пабагацееш, чужым сыты не будзеш, о госпадзі!

Жабрак выходзіць праз разбітыя вароты. Чуцен плач дзіцяці.

Голас дзіцяці(праз плач). Мамка, чаго татка гэтак стаіць? Мамачка, я баюся!

Упаўнаважаны з раёна. Вось што такое, таварышы, старарэжымныя перажыткі, падноўленыя нэпманскімі тэндэнцыямі! Яны ператварылі селяніна ў аднаасобніка, у тупую жывёліну, каторая толькі і можа, што грабсці пад сябе, не бачачы наўкола нічога, не разумеючы цякушчаго мамента. На гэта мы, таварышы, не пойдзем! Уперадзе ў нас вялізная і адказная работа, і тыя, хто стаіць нам насуперак, будуць адкінуты з дарогі! Тут, на вольнай зямлі, будзе працаваць вольнае трудавое сялянства, з’яднанае ў сельгасарцелі. I першую сельгасарцель у нашай воласці мы так і назавём — «Шлях да светлай будучыні»!

Заслона.

1989

Примечания

1

Лайно — кавалак даматканага палатна, посцілка (тут і далей — словы з мазырскага дыялекту. — Заўвага аўт.).

2

Паліць у печы, варыць.

3

Пограб.

4

Спускай.

5

Вольнапасяленцаў (распаўсюджаны жарганізм).

6

Пілавіння.

7

Нацыяналіст (жарганізм).

8

Агледзела.

9

Цёска — трэска.