Читать «Вёска. Новыя прыгоды Несцеркі. Страсці па Аўдзею» онлайн - страница 2

Андрэй Федарэнка

— Падвязеш сумку?

— Харашо... гх-кх... атлічно! — пачаў мітусіцца Пульс, адсунуў свой клунак — буханкі хлеба ў дзіравай хустцы, лёгка падняў і хутка ўвязаў у перадку Васкевічаву сумку. Робячы гэта, ён увесь час бубнеў сабе пад нос: — А я думаў, цыган ідзе. Я кажу. А ты на канікулы? Кх-гм... А ты на выхадной-ной?..

Пульс быў нізкі ростам, але дужы, шыракаплечы дзяцюк гадоў пад сорак, у злямчаным, выскубленым да дэрмаціну брудна-сінім футры дзіўнага крою — з гузікамі з левага боку, у салдацкай зімовай шапцы з апушчанымі вушамі без матузкоў; з-пад шапкі на лоб і на патыліцу звісалі сівыя патлы; на нагах — бабскія шытыя валёнкі з падратымі галёшамі. Але румяны скуласты твар быў паголены, хоць і не зусім гладка, а з-пад сівых броваў весела і хітравата зіркалі жывыя паляшуцкія вочкі. Такім — у гэтым злямчаным футры, у салдацкай шапцы і ў гэтых валёнках — Васкевіч помніў яго і пятнаццаць гадоў назад, калі быў малы, а Пульс катаў яго на гэтых жа санках па замерзлай рэчцы, і дзесяць гадоў назад — калі яны, смаркачы-падлеткі, вучыліся курыць, а Пульс быў ім за настаўніка, і пяць гадоў — калі Васкевіч ішоў у армію і матка з Пульсам праводзілі яго да гэтай станцыі, і два гады назад — калі матка з тым жа Пульсам праводзілі яго ў Мінск, на вучобу... Зірнуўшы цяпер на гэтыя падратыя галёшы, Васкевіч успомніў гісторыю. Некалі Пульс працаваў тут жа, на станцыі, сезонным рабочым, і з першай палучкі, адразу пасля работы хлопцы заманілі яго ў горад, у рэстаран, дзе — за яго, вядома, грошы — самі пілі і яго паілі. Там іграла музыка, танцавалі, не вытрымаў і Пульс. Ён вухкаў, прыпяваў, танцаваў упрысядкі, пляскаў у ладкі... Галёшы паляцелі адзін пад эстраду, другі аж наверх, да музыкаў, і саліст аб'явіў у мікрафон: «Парень, заберите галоши!» Соль гісторыі была ў тым, што Пульса ўпершыню ў жыцці аб'явілі на ўсю залю па мікрафоне, што яго ўпершыню ў жыцці назвалі на «вы» і што словы «парень» і «галоши», вымаўленыя па-руску, стоячы побач, смешна гучалі.

Пульс любіў гаварыць і гаварыў многа, гучна, бязладна — як і цяпер, калі яшчэ здалёк пазнаў, вядома, Васкевіча, але абазваў яго чамусьці «дзядзькам цыганам». Калі гаварыў, сморкаўся, кашляў, паўтараўся, з рота, у якім не было пярэдняга зуба, ва ўсе бакі ляцела сліна, страшна моргаў на кожным слове, і звычайна Васкевіч, гледзячы на яго, слухаючы, таксама міжволі пачынаў моргаць — нібы глядзеў і размаўляў з чалавекам, які кляпае касу ці проста стукае малатком.

— Матка дома ці на рабоце? — спытаў Васкевіч, калі яны ўжо ўвайшлі ў лес: Пульс цягнуў саматужкі, а Васкевіч ступаў сабе збоку па старым следзе ад саней.

Пульс выплюнуў фільтр — усё, што асталося ад цыгарэты пасля некалькіх зацяжак — і адказаў так:

— Наверно... здаецца... мабуць... каэцца... уродзі бы... няма, наверно! Я йшоў, свет у акне не гарэў.

— А чаго ты крычаў, што я цыган? Цыганы ж чорныя, а я белы, бачыш? — і Васкевіч нават зняў шапку, правёў далоняй па сваіх светлых кароткіх валасах.

— Я знаю, белы, я падумаў — цыган! — апраўдваўся Пульс. — А ты на канікулы, кх-гх, нікулы?