Читать «Ваніна Ваніні, або Падрабязнасці аб апошняй венце карбанарыяў, распачатай у Папскай вобласці» онлайн - страница 15

Стэндаль

— Першым чынам я жадаю заклікаць да вашай літасці. Аднаму з фарлійскіх карбанарыяў прысуд не змекчаны, і думка аб гэтым пазбавіла мяне сну. Трэба выратаваць гэтага чалавека.

Міністр, пабачыўшы, што папа апярэдзіў яго, прадставіў мноства пярэчанняў і ўрэшце рэшт напісаў загад in moto proprio, які папа падпісаў сам, насуперак завядзёнцы.

Ваніна думала, што яна, можа быць, і даб'ецца памілавання свайго каханага, але яго паспрабуюць атруціць. Яшчэ напярэдадні папскага загаду Місірыллі атрымаў ад абата Кары, духоўніка Ваніны, некалькі пакетаў з марскімі сухарамі і папярэджанне не кранаць казённую ежу.

Затым Ваніна даведалася, што фарлійскіх карбанарыяў пераводзяць у крэпасць Сан-Лявоне, і вырашыла ў любым выпадку пабачыцца з Місірыллі на этапе ў Чыта-Кастэлана. Яна прыехала ў гэты горад за суткі да прыбыцця вязняў. Там яна сустрэлася з абатам Кары, які прыбыў раней за яе на некалькі дзён. Ён упэўніў наглядчыка турмы дазволіць Місірыллі прысутнічаць на паўночнай службе ў турэмнай капліцы. І нават больш: калі Місірыллі пагадзіцца, каб яму надзелі ланцугі на рукі і на ногі, наглядчык абяцаў адысці да дзвярэй капліцы, — тады ён не выпусціць з віду вязня, за якога нясе адказнасць, але не будзе прыслухоўвацца да гутаркі.

Надышоў нарэшце дзень, калі павінен быў вырашыцца лёс Ваніны. Ужо з раніцы яна замкнулася ў турэмнай капліцы. Хто скажа, якія думкі хвалявалі яе ўвесь гэты доўгі дзень? Ці кахае яе Пьетра настолькі, што ўсё даруе? Яна выдала венту, але яму яна выратавала жыццё. Калі голас розуму браў верх над разгубленасцю душы, Ваніна спадзявалася, што Пьетра пагодзіцца пакінуць Італію, з'ехаць разам з ёю, — бо яна саграшыла толькі ад паўнаты кахання. Прабіла чатыры гадзіны. Яна пачула ўдалечыні грукі конскіх капытоў: у горад заехаў канвой карабінераў. Кожны гук аддаваўся ў яе сэрцы. Неўзабаве загрукаталі калёсы: везлі асуджаных. Яны спыніліся на маленькай плошчы перад турмой. Ваніна бачыла, як два карабінеры прыпаднялі Місірыллі, — ён ехаў адзін, скаваны ланцугамі, і не мог паварушыцца.

— Але ўсё-такі ён жывы! — шаптала яна са слязамі на вачах. — Яны яшчэ не атруцілі яго.

Гэты вечар быў пакутай. Высока над алтаром гарэла адзінокая лампада, у якую турэмшчык скупа наліваў алей, і святло яе ледзь мігцела ў цёмнай капліцы. Ваніна азіралася на магільні сярэднявечных вяльможаў, памерлых у суседняй турме. Іх каменныя статуі, здавалася, зласліва глядзелі на яе.

Усё ўжо даўно сціхла. Ваніна чакала, паглыбіўшыся ў змрочныя думкі. Прабіла поўнач, і неўзабаве пачуўся нейкі шолах, нібы кажан праляцеў. Ваніна павярнулася, хацела ступіць і амаль без пачуццяў прысела на балюстраду, якая аддзяляла алтар. У тое ж імгненне два прывіды нячутна выраслі перад ёй. Гэта былі турэмшчык і Місірыллі, увесь аблытаны ланцугамі. Турэмшчык адчыніў дзверцы ліхтара і паставіў яго на слупок кратаў побач з Ванінай, каб святло падала на вязня, затым адышоў да дзвярэй. Ледзь турэмшчык аддаліўся, Ваніна кінулася Місірыллі на грудзі, сціснула яго ў абдымках і адчула халодныя вострыя грані ланцугоў. «Хто яго закаваў?» — думала яна. Абдымкі былі бязрадаснымі. А ўслед за гэтым яе пранізіў жорсткі боль: ёй здалося раптам, што Місірыллі ведае аб яе злачынстве, — так халодна ён сустрэў яе.