Читать «Вам слова, Джон Ячмень!» онлайн - страница 13

Роберт Бёрнс

ПЕРАД РАЗЛУКАЙ

Жыць, дружа мой, табе адной, Разлучыць нас бяда, I будзе між табой і мной Вада, вада, вада. Я знаю: выпадзе спазпаць I там нуду ў глушы — Ды ста разлукам не разняць Два сэрцы-спарышы! О, як пазбавіцца пакут, Як заглушыць струну, Што ные, шэпча: ў родны кут К табе не завярну? Даруй!..               Апошні поціск рук Я павязу з сабой. Няхай хоць тысяча разлук — Я твой, навекі твой!

КАНЕЦ ЛЕТА

Яна прыходзіць спакваля На выжаты палетак, Ляціць пчалою да вулля Ад позніх жоўтых кветак, Атавай сцелецца на луг, Туманам — на балота...          Прыходзіць восень, любы друг,          I з ёю — адзінота. Сяліба слонкі — мокры гай, Аўсянкі — хмыз прасторны, А жораў з чапляй і бугай Шукаюць кут азёрны. Драздоў спрадвеку вабіць лог, Арэшнік і палянкі; Утульны яр, дзе хмель і глог,— Прытулак канаплянкі. Прырода шчодра ўсім дала Прывычку, любасць, нораў: Адна-адной ляціць пчала, Трохкутным клінам — жораў. Лясны мой край, жалезны гром Трасе твае лагчыны, Аж бор трашчыць пад тапаром, Ляціць пяро з дзічыны. Зірнеш, здаецца — глухамань, А ўсё ж даўно абжыта. Крышталь азёр — хоць рукі рань, I сохне ў бабках жыта, I рвецца сэрца ў той прастор... О, як бы я з табою Прайшоўся аж да самых гор, Што крыюцца смугою! Плячо ў плячо, ў руцэ — рука, Хадзілі б і хадзілі, Пакуль сярпок маладзіка Вісіць на небасхіле. Як дождж абложны па вясне, Як сонца ў жнівень хлебны,          Так ты, мой друг, патрэбна мне,          Так твой зварот патрэбны!

***

З усіх напрамкаў і вятроў

         Мілей заходні мне,

Дзе ты жывеш, мая любоў,

         Мой неспакой у сне.

Там пчол раі ў хмызах крушын,

         Крынічка пад вярбой.

Дзе я з табой спаткаўся, Джын,—

         Уцехай і журбой.

Іду з касою па расе,

         Сок пчолы з кветак п'юць.

I травы ўсе, і птушкі ўсе

         Мне пра цябе пяюць.

Сум перапёлак у аўсе

         I кволы цвет ажын

Напамінаюць аб красе

         Чароўнай, мілай Джын.

***

Як вокам акінуць — суровыя горы, Дзе рэкі халодныя з небам гавораць, Дзе верасам вывадак свой на змярканні Вядзе перапёлка на корм-жыраванне. Скупая прырода радзімага ўзгор’я Мілей майму сэрцу, чым бераг прымор’я, Бясконца мілей: там, за горнай ракой, Жыве мая радасць і мой неспакой. Яна не красуня-паненка з альбома, Яна без пасагу — мне гэта вядома. Увесь яе скарб,— а ці ж гэтага мала? — Каханне, што мне яна падаравала. Сустрэнь ты дзяўчыну-красуню, і сэрца Пад позіркам птушкай трывожна заб’ецца. Калі ж за красой і багацце сумлення — Мы, грэшныя, слепнем, і мы — на каленях. Да сэрца мне простага твару аздобы, Мне гордыя, чэрствыя не даспадобы. Ісці на спатканне — якая прыемнасць, Калі ёсць каханне і ёсць узаемнасць!