Читать «Вам слова, Джон Ячмень!» онлайн - страница 14

Роберт Бёрнс

НАЧЛЕГ У ДАРОЗЕ

У студзені мяне ў гарах Аднойчы агарнула ноч. Завея, сівер — проста страх, А снег па пояс, толькі збоч. Мне спадарожніца адна, На шчасце, стрэлася ў той час. Разгаварыліся. Яна I кажа: — Заначуйце ў нас. Падзякаваў іх дабраце, Што ў снезе мне не начаваць, Адбіў паклон бажку ў куце I папрасіў пасцель паслаць. Яна кужэльнай прасціной Заслала ложак пры сцяне I, павячэраўшы са мной, Дабранач пажадала мне. Гляджу і думаю: сама Красуня мар тваіх не ў сне, I гавару: — А ці няма Пад галаву падушкі мне? Пайшла, прыносіць і кладзе, Гаворыць, што пара мне спаць. Чароўная, як ранні дзень,— I я не змог, каб не абняць. Па шчоках чырвань, а з-пад броў — Дзве іскры. Чую, як у сне: — Калі ўсё гэта ў вас любоў, Пакіньце чэснаю мяне. Я гладзіў лён бялявых кос, I ўся была, як першы снег, Як ружа ў кроплях ранніх рос, Яна, што мне дала начлег. Далоні па грудзях прайшлі, Здалося: палкія пяскі Сваім дыханнем намялі Гарачыя два курганкі. О, маладосць — п’янлівы хмель! Я цалаваў яе, благі, I ўся яна была, як бель, Як нашы горныя снягі. Хінулася шчака к шчацэ, Як вусны к келіху з віном... Пад ранне на маёй руцэ Яна заснула чуткім сном. А ўранні, з першаю зарой, Я ёю захапіўся зноў. — Ах, што зрабілі вы са мной! — Сказала мне мая любоў. Я выцер ёй слязу з павек I адказаў, каб жаль спыніць: — Ад гэтай ночы і павек Нам прыйдзецца пасцель дзяліць. Узяўшы з куфра палатна I прыхінуўшыся к сцяне, Яна прысела ля акна I стала шыць кашулю мне. Ідуць гады не пехатой, Бягуць, і не спыніць іх бег. Пакуль жыву, не здраджу той, Што мне дала тады начлег.

БЕЛАЯ КУРАПАТКА

Дакоскі прайшлі, на жніве адспявалі... З дасвецця ў нядзелю хлапцы палявалі, Аблазілі зараснік, луг і западак, I раптам з-пад ног — чарада курапатак.          I хто цябе гоніць, няўрымены хлапчук?          Дзічына — жывая, пачуе твой стук.          Схавайся ў чароце,          Бабахні пры ўзлёце, А спудзіш — лічы, што ўпусціў яе з рук. Яна шугане з верасовай палянкі Ў балотца, дзе сховы пудлівай бялянкі, Затуліцца ў мох, не шурхне — во хітрыца! А спінка, як снег напрадвесні, іскрыцца. Ёсць казка: спрачаўся з ёй месячык ясны, Што сонца зацьміць,— пакаціўся, пагас ён. Яна ж палыхала святлом прамяністым На сене духмяным між купін імшыстых... Шчасліўцы-стралкі, балацін старажылы, З дасвецця па топкай імшары кружылі, I ледзь толькі сука на спрат навяла, Бялюткая — фыр, і як летась была.          Чаго ж ты спяшаўся, няўрымесны хлапчук!          Дзічына ж — жывая, пачула твой стук.          Прыпаў бы ў чароце          I стрэліў пры ўзлёце, А спудзіў — і выпусціў шчасце з-пад рук.